Узброеныя сілы Украіны сарвалі расійскую летнюю кампанію
- 9.10.2025, 10:08
- 2,324
Зяленскі раскрыў падрабязнасці Добрапільскай контрнаступальнай аперацыі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Добрапільская контрнаступальная аперацыя Сіл абароны сарвала расійскую летнюю наступальную кампанію. Вораг панёс там адчувальныя страты, больш за палову з якіх — беззваротныя.
Аб гэтым Зяленскі сказаў на сустрэчы з журналістамі, на якой прысутнічаў карэспандэнт OBOZ.UA. Ён расказаў пра даклад галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Украіны Аляксандра Сырскага адносна сітуацыі на полі бою.
Найбольш інтэнсіўнымі напрамкамі цяпер застаюцца Пакроўск і Добрапілле ў Данецкай вобласці. Там працягваецца контрнаступальная аперацыя.
«Мы лічым, што яна вельмі складаная, але вельмі своечасовая, і лічым, што яна паспяховая. Мы лічым, што гэтая аперацыя сарвала расійскую летнюю наступальную кампанію. За час Добрапільскай аперацыі ў нас зафіксавана больш за 12 тысяч страт расіянаў, з іх больш за 7 тысяч — «дзвухсотых» з 21 жніўня, з пачатку гэтай аперацыі», — сказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што гэтая аперацыя сарвала ўсе тыя планы, якія расіяне даводзілі да амерыканскага боку — пра тое, што яны нібыта акупуюць большую частку Данбаса менавіта да лістапада. Спачатку захопнікі казалі, што зробяць гэта да верасня, а потым перанеслі тэрміны на лістапад.
«Гэта аперацыя, безумоўна, мае ўплыў на абарону Пакроўска. Разумеючы, што пад Добрапіллем у іх вялікія страты, цяпер перад рускімі пастаўлена задача ўзяць Пакроўск тэрмінова — любой цаной. Гэта тое, што мы разумеем па перахопах, па іншых дадзеных. Гэтымі днямі рускія губляюць больш за 100 сваіх у суткі, даходзіць да 200», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Сітуацыя на іншых напрамках фронту
Вельмі напружанай з’яўляецца сітуацыя на Навапаўлаўскім напрамку. Ён з’яўляецца наступным выклікам пасля Добрапілля і Пакроўска.
«Што мы маем там? Мы маем чатыры арміі Расійскай Федэрацыі, якія мелі пад агнявым кантролем або дзе назіралася прысутнасць дыверсійных груп — тое, пра што мы казалі, 8 вёсак. Так мы гэта бачылі. 4 вёскі цалкам ачышчаныя нашымі войскамі. Яшчэ за 4 змагаемся», — паведаміў Зяленскі.

У Купянску контрдзіверсійныя заходы праводзяць Сілы спецыяльных аперацый, Цэнтр спецыяльных аперацый «А» СБУ і штурмавікі. На Запарожжы пакуль сітуацыя без змен.

На Ліманскім напрамку ў апошнія дні вораг быў стрыманы. Там адбываецца аднаўленне раней страчаных пазіцый.