У Якуціі абвясцілі жалобу ў дзень нараджэння Пуціна
6- 9.10.2025, 12:49
- 11,242
У рэспубліку прыбыў спецыяльны самалёт.
У горадзе Пакроўск (Якуція) абвясцілі трохдзённую жалобу, якая пачалася 7 кастрычніка — у дзень нараджэння расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.
Як інфармуе Цензор.НЕТ, пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «7х7 — Гарызантальная Расія».
СМІ паведамілі, што напярэдадні ў рэспубліку прыбыў самалёт з целамі загінулых на так званай «СВА», але дакладную іх колькасць улады не раскрылі. Мэр Пакроўска Віктар Канстанцінаў абвясціў трохдзённую жалобу па загінулых расійскіх вайскоўцах.
Пачатак жалобы прызначылі на 7 кастрычніка, то-бок акурат у дзень нараджэння прэзідэнта Расіі, і працягнецца яна да 9 кастрычніка. У гэты перыяд былі адменены ўсе забаўляльныя мерапрыемствы, каб жыхары маглі надаць увагу падтрымцы сем’яў загінулых і ўшанаваць іх памяць.
Дзе менавіта ва Украіне загінулі так званыя «героі», не ўдакладняецца, аднак у каментарыях адзін з абураных «патрыётаў» напісаў, што гэта быў украінскі Пакроўск, і назваў такое супадзенне «сапраўдным здзекам».
Мясцовыя крыніцы назвалі гэтае рашэнне «жорсткай палітычнай акцыяй» і адзначылі, што сам мэр не адмяніў сваю інаўгурацыю, якая адбылася 3 кастрычніка. У адным з тэлеграм-каналаў падкрэслілі: выбар дат жалобы, што супалі з днём нараджэння Пуціна ў 2025 годзе, выклікае пытанні адносна матываў.