Украіна мае планы «А» і «Б» для абароны энергетыкі
- 9.10.2025, 13:06
- 2,986
Зяленскі раскрыў падрабязнасці.
Нягледзячы на недахоп СПА, Украіна працягне абарону энергасістэмы. Ёсць два планы дзеянняў на выпадак атак па газавай інфраструктуры: уласная здабыча і імпарт.
Як інфармуе РБК-Украіна, пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў падчас сустрэчы з журналістамі.
«Энергетыку трэба абараняць, і мы будзем яе абараняць. Не хапае сістэм супрацьпаветранай абароны. Што да перахопнікаў, вы, у прынцыпе, усё ведаеце. Дадатковае фінансаванне пастаянна знаходзіцца і ёсць павелічэнне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе не толькі пра забеспячэнне дастатковай колькасці перахопнікаў, але і пра пашырэнне сістэм запуску дронаў. Паводле яго слоў, гэтыя сістэмы ўжо даказалі сваю эфектыўнасць, але галоўнай задачай застаецца павелічэнне іх колькасці.
«Перахопнікі нядрэнна збіваюць. Напрыклад, лінія на Чарнігаўшчыне. Быў даклад на Стаўцы па адным з удараў — 36 «шахедаў» заляталі, 22 збіваліся перахопнікамі. То бок у цэлым колькасць збітых павялічваецца, колькасць сістэм будзе павялічвацца. Працуем над гэтым», — адзначыў Зяленскі.
І дадаў, што Украіна гатовая абараняць і аднаўляць энергасістэму пасля атак ворага, а пагрозы энергетычнай і газавай інфраструктуры — зразумелыя.
«У нас ёсць план «А» і ёсць план «Б». У плане «Б», калі будзе моцная атака на ўсю газавую інфраструктуру, мы разумеем, што ў нас тады ёсць імпарт. Мы разумеем аб’ём і кошт адпаведнага імпарту. Гэта план «Б». План «А» — калі мы больш выкарыстоўваем уласную здабычу», — растлумачыў прэзідэнт Украіны.