«Поўдзень Расіі падымаецца»
3- 9.10.2025, 15:15
- 10,086
Партызаны заявілі пра рост колькасці расіян, якія выступаюць супраць вайны.
У партызанскім руху «Атэш» заявілі, што да іх штодня далучаюцца новыя прыхільнікі з ліку жыхароў гарадоў на поўдні краіны-агрэсара Расіі, якія выступаюць супраць вайны, развязанай РФ ва Украіне.
Як сцвярджаюць у «Атэш», «поўдзень Расіі падымаецца супраць вайны». У прыватнасці, жыхары Крымска, Элісты і іншых гарадоў на поўдні РФ.
«Людзі стаміліся ад злачыннай вайны, якая забірае іх сыноў і разбурае будучыню», — гаворыцца ў публікацыі ў Telegram-канале «Атэш» 9 кастрычніка.
Па словах партызанаў, насельніцтва паўднёвых рэгіёнаў РФ сваімі вачыма бачыць наступствы вайны супраць Украіны.
«Перапоўненыя шпіталі, пахаронкі ў кожным раёне, абядненне насельніцтва. Гэта прымушае іх дзейнічаць», — сцвярджаюць у «Атэш», апублікаваўшы таксама фота расклееных улётак супраціву.
Партызаны таксама заклікалі расіян «унесці свой уклад у барацьбу з рэжымам». Падаваць звесткі пра ваенныя аб’екты, месцы дыслокацыі тэхнікі і інфармацыю пра перамяшчэнні войскаў.