Герасімаў агучыў наступную мэту наступу РФ
11- 9.10.2025, 15:29
- 20,696
І гэта не Пакроўск або Купянск.
Угрупоўка «Дняпро» расійскай арміі наступае ў бок Запарожжа, сказаў начальнік штаба Узброеных Сіл РФ Валерый Герасімаў падчас сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. У фрагменце выступлення, апублікаваным расСМІ «Вы слушали Маяк», чутна, як расійскі генерал запэўніў, што і далей будуць працягвацца паветраныя ўдары па ўкраінскіх гарадах і важных аб'ектах.
Герасімаў паведаміў Пуціну, што ў найбліжэйшы час будуць наступаць на Запарожжа і плануюць акупаваць два населеныя пункты — Стэпнагорск і Прыморскае. Паводле яго слоў, працягнуць спрабы прасоўвацца ў Дняпрапятроўскай вобласці Украіны.
Заява Герасімава прагучала ў аўторак, 7 кастрычніка, падчас сустрэчы вайскоўцаў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, які якраз адзначаў дзень нараджэння. РасСМІ ТАСС прывяло іншыя падрабязнасці выступлення начальніка расійскага Генштаба. Сярод іншага, гаворка ішла пра наступ на Сіверск, Канстанцінаўку (угрупоўка «Поўдзень») і пра нібыта амаль поўную акупацыю Купянска (угрупоўка «Захад»).