Сырскі паведаміў пра новыя вынікі Добрапільскага контрнаступлення
- 9.10.2025, 18:36
- 3,140
ЗСУ ўжо вызвалілі больш за 180 квадратных кіламетраў тэрыторыі.
Украінскія абаронцы працягваюць весці контрнаступальную аперацыю на Добрапільскім кірунку. Яны ўжо вызвалілі больш за 180 квадратных кіламетраў тэрыторыі.
Аб гэтым паведамляе Charter97.org са спасылкай на галоўнакамандуючага ЗСУ Аляксандра Сырскага у Telegram.
Сырскі расказаў, што падчас працоўнай паездкі правёў нараду з камандным складам на адным з пунктаў кіравання на Добрапільскім кірунку. Ён выслухаў даклады пра бягучую абстаноўку і выкананне задач.
Генерал таксама паразмаўляў з камандзірамі падраздзяленняў, якія займаюцца пошукам і знішчэннем расійскіх дыверсантаў і асобных груп акупантаў у акружэнні.
«Нягледзячы на пастаянныя контратакі праціўніка, штурмавыя падраздзяленні Сіл абароны працягваюць наступальныя дзеянні на асобных участках. Усяго за час аперацыі вызвалена 180,8 кв. км тэрыторыі Данбаса, 212,9 кв. км — ачышчана ад дыверсантаў», — адзначыў галоўнакамандуючы ЗСУ.
Па словах Сырскага, ён высветліў праблемныя пытанні і патрэбы ўкраінскай наступальнай групоўкі і даў распараджэнні.
Генерал паабяцаў, што ўкраінская абарона і надалей будзе актыўнай.
Таксама вядзецца праца над узмацненнем абароны на Пакроўскім кірунку. Ідзе гаворка пра паляпшэнне лагістыкі, абарону дарог і крытычнай інфраструктуры.