Spiegel: На тэрыторыі сучаснай Германіі жылі бегемоты
1- 9.10.2025, 19:18
- 1,612
Яны існавалі ў той жа час, што і маманты і шэрсцістыя насарогі.
Навукоўцы высветлілі, што на тэрыторыі сучаснай Германіі жылі бегемоты, піша Spiegel.
Новае даследаванне паказала, што бегемоты абіталі на тэрыторыі сучаснай Германіі не 115 тысяч гадоў таму, як меркавалася раней, а значна пазней — прыблізна ад 47 да 31 тысячы гадоў таму, то бок у сярэдзіне апошняга ледавіковага перыяду. Гэтыя масіўныя жывёлы, што цяпер сустракаюцца толькі ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары, існавалі ў той жа час, што і маманты і шэрсцістыя насарогі.
Да такой высновы прыйшла міжнародная каманда навукоўцаў пад кіраўніцтвам спецыялістаў з Універсітэта Мангейма, музея Рэйса-Энгельхорна і Цэнтра археаметрыі Курта Энгельхорна. Навукоўцы даследавалі старажытныя косці, знойдзеныя ў Верхнім Рэйнскім грабене — нізіннай раўніне, што цягнецца ўздоўж Рэйна паміж паўночнай Швейцарыяй, усходняй Францыяй і паўднёва-заходняй Германіяй.
Радыёвугляродны аналіз дазволіў вызначыць узрост рэшткаў, а секвеніраванне ДНК пацвердзіла, што знойдзеныя жывёлы належалі да таго ж віду, што і сучасныя афрыканскія бегемоты (Hippopotamus amphibius).
Паводле слоў генеральнага дырэктара музея Рэйса-Энгельхорна Вільфрыда Розендаля, вынікі даследавання «пераканаўча паказваюць, што ледавіковы перыяд не быў аднолькавым ва ўсіх рэгіёнах — існавалі лакальныя кліматычныя асаблівасці, якія дазвалялі цеплалюбівым відам выжываць даўжэй».
Эксперты адзначаюць, што папуляцыя бегемотаў у Верхнім Рэйнскім грабене, судзячы па генетычных дадзеных, была невялікай і ізаляванай. Жывёлы жылі ў адносна мяклы кліматычны перыяд і, верагодна, трымаліся паблізу вадаёмаў, як і іх сучасныя нашчадкі.