ЗША і Фінляндыя падпішуць буйную здзелку па ледаколах
- 9.10.2025, 19:50
- 4,230
На $6,1 млрд.
Прэзідэнты ЗША і Фінляндыі Дональд Трамп і Аляксандр Стуб падпішуць мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы ледаколаў. Пра гэта фінскі лідар паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы X.
«З нецярпеннем чакаю сённяшняга візіту ў Белы дом разам з прэм'ер-міністрам Петэры Орпа. Я падпішу мемарандум аб узаемаразуменні па супрацоўніцтве ў сферы ледаколаў разам з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам», — напісаў ён.
Стуб распавёў, што дакумент закладае аснову для камерцыйных пагадненняў паміж Берагавой аховай ЗША і фінскімі кампаніямі, з якімі адміністрацыя ЗША вядзе прамыя перамовы.
Пагадненне было б немагчыма без Трампа, дадаў фінскі прэзідэнт.
Ледаколы будуць выкарыстоўвацца Берагавой аховай ЗША. Паводле звестак Reuters і крыніц Yle у Белым доме, першы ледакол будзе пастаўлены да 2028 года. Агульны кошт здзелкі складзе каля $6,1 млрд. Усяго яна будзе датычыць 11 ледаколаў. Чатыры з іх будуць пабудаваныя на фінскіх верфях.