Падаткавая пагражае беларусам «адміністратыўкай» за жыллё і аўтамабілі
15- 10.11.2025, 14:46
- 7,118
За пратэрміноўку маёмасных збораў цяпер могуць пакараць.
Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) нагадала беларусам, што да 17 лістапада ўключна трэба аплаціць маёмасныя зборы. Гаворка пра падаткі на нерухомасць, зямлю і транспарт. Тым, хто не зробіць гэтага своечасова, пагражае пакаранне.
Звычайна маёмасныя падаткі трэба ўнесці да 15 лістапада наступнага года. Але паколькі 15-е і 16-е прыпадаюць на выходныя, у 2025-м крайні тэрмін уплаты гэтых збораў перанеслі на пазнейшую дату.
Тым часам у МПЗ папярэдзілі, што тым, хто «забудзе» ўнесці гэтыя зборы, пагражае пакаранне. Гэта могуць быць пені, штраф або прымусовае спагнанне даўгоў.
У КаАП прапісана, што для тых, хто не ўнёс адзіны маёмасны плацёж, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць — да 40% ад неўплачанай сумы падатку, але не менш за дзесяць базавых велічынь (цяпер гэта 420 рублёў). «За паўторную наўмысную неўплату на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання — да двухсот базавых велічынь (да 8400 рублёў)», — удакладнялі раней падаткавікі.