Беларусы знайшлі спосаб праскочыць мяжу без чаргі
4- 10.11.2025, 16:04
- 9,380
Ён спадабаўся не ўсім.
Беларусы зноў скардзяцца на масавыя ўкліноўванні ў чаргу пры перасячэнні польскай мяжы, пішуць «Сильные новости». Для гэтага ў тым ліку выкарыстоўваюцца матацыклы.
На такую сітуацыю паскардзілася беларуска, якая выязджала з Польшчы. Па яе словах, цяпер перад пунктам пропуску «Тэрэспаль» вялікія чэргі з легкавушак. Аднак ёсць спосаб, як перасекчы мяжу хутчэй — на гэтым ужо пабудаваны бізнес, які падабаецца не ўсім і з якім раней спрабавалі змагацца.
Чытачка паказала відэа, дзе вялікія сумкі грузяць на матацыкл з бакавой каляскай. У каляску садзіцца жанчына — відаць, іх гаспадыня.
«Паводле закона матацыклы едуць без чаргі, і вось так яны [матацыклісты] перавозяць людзей за грошы», — патлумачыла беларуска.
Яна дадала, што многія прадпрымальныя беларусы так падвозяць праз мяжу пабыстрэй, ўклінаючыся ў чаргу — хто на аўто, а хто і на матацыкле. Такая паслуга каштуе ад 50 да 100 еўра. Паводле слоў жанчыны, у тэлеграм-чатах «Попутчики» поўна аб'яў пра такое ўкліноўванне за грошы.
Вадзіцелі і пасажыры, што стаяць у чарзе, аб'ядноўваюцца, каб змагацца з «ўлезунамі». Яны складаюць спісы машын у чарзе, будзяць тых, хто заснуў, калі прыйшоў час прасунуцца наперад, а нахабнікаў не прапускаюць. Адна з такіх актывістак, паводле слоў жанчыны, «ўлезуны» адпомсцілі: кінулі ў машыну бутэльку. Нярэдка даходзіць да бойкі.
«Магчыма, агалоска неяк дапаможа спыніць гэты беспарадак», — лічыць яна.
Нагадаем, схема з матацыклістамі, а таксама льготнікамі, якія могуць перасякаць мяжу без чаргі, выкарыстоўвалася і раней — апошні ўсплёск яе актыўнасці назіраўся ў жніўні 2025 года.
Зварот са скаргамі на падобныя выпадкі распаўсюджваўся ў чатах тых, хто перасякае мяжу — пісалі, што працуюць махляры. Прапаноўвалася пісаць у Дзяржпагранкамітэт, што «асобы, якія валодаюць правам прыярытэтнага перасячэння мяжы, за грашовае ўзнагароджанне падсаджваюцца або падсаджваюць іншых пасажыраў у аўтамабілі, што ідуць па прыярытэтнай лініі». А пасля «такія асобы не перасякаюць мяжу, а вяртаюцца назад у Беларусь».