Амерыканскія сужэнцы ўсталявалі рэкорд як найстарэйшая пара ў гісторыі чалавецтва
5- 10.11.2025, 20:51
- 7,772
83 гады разам.
Сужэнцы з ЗША Лайл і Элеанор Гітэнсы трапілі ў Кнігу рэкордаў Гінеса як найстарэйшая пара ў свеце і гісторыі чалавецтва. Пра гэта 5 лістапада паведамілі на афіцыйным сайце Кнігі рэкордаў Гінеса.
Іх рэкорд пацвердзілі эксперты па даўгалецці чалавека міжнароднай арганізацыі LongeviQuest.
Разам 108-гадовы Лайл і 107-гадовая Элеанор маюць 216 гадоў і 132 дні. Сёлета яны святкавалі 83-ю гадавіну вяселля. І гэта не толькі самы доўгі шлюб сярод жывых пар рознага полу, але і за ўсю гісторыю чалавецтва.

Іх гісторыя пачалася восенню 1941 года ў Універсітэце Кларка ў Атланце. Лайл іграў за баскетбольную каманду каледжа, а Элеанор прыйшла падтрымаць сваю каманду. У інтэрв’ю экспертам LongeviQuest жанчына прызналася, што зусім не памятае, чым скончыўся той матч, затое назаўжды запомніла першую сустрэчу з будучым мужам.
Закаханыя прызначылі дату вяселля, хоць ведалі: Лайла павінны прызваць на Другую сусветную. Яны ажаніліся 4 чэрвеня 1942 года, калі мужчыне далі трохдзённы адпачынак ад вайсковых вучэнняў. У той дзень ён упершыню пабачыў сям’ю нявесты.

Пасля вяселля Лайл вярнуўся на службу, а потым трапіў у Італію ў складзе 92-й пяхотнай дывізіі арміі ЗША. Элеанор да таго часу ўжо чакала першанца. Яна пераехала ў Нью-Ёрк, дзе ўпершыню сустрэлася з сям’ёй мужа. Яна ўладкавалася ў бухгалтэрыю кампаніі па вытворчасці авіяцыйных запчастак і пісала Лайлу лісты.
Лісты праходзілі праз вайсковую цэнзуру — паштовыя службоўцы заціралі большасць слоў, таму Элеанор амаль нічога не магла прачытаць ад каханага. У інтэрв’ю выданню The Westside Gazette жанчына ўспамінала, як хвалявалася, ці ўбачыць калі-небудзь мужа зноў.

Пасля вайны сужэнцы, нарэшце, змаглі пачаць супольнае жыццё. Яны пасяліліся ў Нью-Ёрку, дзе падчас вайны нарадзіўся іх сын Лайл Роджэрс, а пазней з’явіліся дачкі Анджэла і Ігнайе. Сужэнцы Гітэнсы разам здалі экзамен на дзяржаўную службу Нью-Ёрка і пачалі працаваць бок аб бок.
У 69 гадоў Элеанор атрымала ступень доктара ў галіне гарадской адукацыі ў Fordham University.

Калі абодвум споўнілася па 100 гадоў, дачка Анджэла перавезла бацькоў у Маямі, каб жыць побач. Лайл сумавае па Нью-Ёрку, але кажа, што шчаслівы на новым месцы.
Калі эксперт LongeviQuest спытаў сужэнцаў пра сакрэт іх доўгага і шчаслівага шлюбу, Элеанор адказала проста: «Мы кахаем адно аднаго». А Лайл дадаў: «Я кахаю сваю жонку».