У Дэлі каля метро прагрымеў магутны выбух
4- 11.11.2025, 8:10
- 7,692
Шмат ахвяр і пацярпелых.
У індыйскай сталіцы Дэлі вечарам 10 лістапада выбухнуў аўтамабіль каля папулярнага помніка Чырвоны форт, побач з метро. Загінулі амаль дзесяць чалавек.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Інцыдэнт адбыўся ў шчыльна населеным старым квартале горада, які ахоўваецца асабліва старанна. Загінулі прынамсі восем чалавек, каля 20 атрымалі раненні ў выніку выбуху.
«Аўтамабіль, што павольна рухаўся, спыніўся на чырвонае святло. У ім адбыўся выбух, пацярпелі таксама суседнія машыны», — паведаміў камісар паліцыі Дэлі Сатыш Голча.
Па ягоных звестках, выбух адбыўся незадоўга да 19:00 па мясцовым часе. Пацярпелі таксама не менш як шэсць аўтамабіляў і тры аўтарыкшы (трохколавы транспартны сродак — рэд.). Мясцовасць была ачэплена, на месцы працавалі паліцэйскія і эксперты-крыміналісты.
Паліцыя затрымала ўладальніка аўтамабіля
Прадстаўнікі паліцыі затрымалі папярэдняга ўладальніка аўтамабіля, вядомага толькі як Салман. Расследаванне інцыдэнту вядзецца па ўсіх напрамках, заявіў міністр унутраных спраў Індыі Аміт Шах.
Прэм’ер-міністр Нарэндра Мадзі выказаў спачуванні сем’ям загінулых і пажадаў хутчэйшага выздараўлення пацярпелым. Пасольства ЗША ў Дэлі папярэдзіла грамадзян пра неабходнасць пазбягаць скупчэнняў людзей каля Чырвонага форта і ў турыстычных месцах.
Чырвоны форт — помнік эпохі Вялікіх Маголаў XVII стагоддзя, папулярны сярод турыстаў. Reuters нагадвае, што ў мінулым Дэлі ўжо станавіўся аб’ектам тэрактаў: у 1980–1990-х гадах і ў 2011 годзе ў індыйскай сталіцы адбыліся выбухі, адказнасць за якія ўскладалася на ісламісцкіх баевікоў і сепаратыстаў.