У Гомелі мужчына пайшоў у лазню і памёр
20- 11.11.2025, 9:03
- 18,076
Што на самой справе адбылося?
У лазні гомельскага спарткомплексу «Лакаматыў» адбыўся інцыдэнт, які паказаў, як далёка могуць завесці грубыя словы і алкаголь. Падчас сеансу паміж двума наведвальнікамі ўзнікла спрэчка, якая на выхадзе з лазні перарасла ў бойку са смяротным зыходам. Падрабязнасці распавядае партал «Белка».
Мужчыны сустрэліся ў лазні ў кампаніі агульных знаёмых. Адзін з іх быў нападпітку і дазволіў сабе грубыя выказванні, на якія эмацыйна адрэагаваў 31-гадовы ўраджэнец Азербайджана. Іншыя наведвальнікі лазні не далі слоўнай перапалцы перарасці ў бойку. Але пасля сеансу мужчыны зноў сустрэліся на паркоўцы, дзе абразы працягнуліся.
Калі ў адрас нявесты азербайджанца прагучалі непрыстойныя выразы, ён не вытрымаў і ўдарыў крыўдзіцеля кулаком у галаву. Той пахістаўся, зрабіў некалькі крокаў і страціў прытомнасць.
«Убачыўшы, што нарабіў, азербайджанец кінуўся дапамагаць нядаўняму суперніку. Пачаў рабіць яму непрамы масаж сэрца. Калі прыехала хуткая, лекары яшчэ хвілін сорак праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але былі вымушаныя канстатаваць смерць. Яна наступіла ад шматлікіх кровазліццяў у галаўны мозг», — распавёў падрабязнасці старшы памочнік пракурора горада Гомеля Аляксандр Шапавалаў.
Забойца міжволі адразу пайшоў у Савецкі РАУС і распавёў, як усё было. Яго ўзялі пад варту і ўзбудзілі крымінальную справу па факце наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія па неасцярожнасці пацягнулі смерць пацярпелага.
Суд Савецкага раёна Гомеля прызнаў мужчыну вінаватым і прыгаварыў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі ў умовах узмоцненага рэжыму. Яго абавязалі выплаціць бацьку загінулага 50 тысяч рублёў кампенсацыі.