Страх і параноя Лукашэнкі абярнуліся чарговай ганьбай для КДБ
8- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 11.11.2025, 13:59
- 33,738
Аб эфекце няўмелага карыстання бумерангам.
Мабільнікі прыбраць, правадную сувязь захаваць. А яшчэ папяровыя носьбіты. Кіраўнік раптам занепакоіўся кібербяспекай.
Чалавек, для якога словы блог, айфон і TikTok — горш за найчорную лаянку, раптам загаварыў без звыклай дрымучасці: «Ваш тэлефон ляжыць побач — спецслужбы ведаюць усё, што ў вас адбываецца. Уключаны, адключаны — неважна».
І ёсць адчуванне, што такія веды яму маглі ўкласці ў галаву людзі, якія менавіта гэтым і займаюцца. Тыя, для каго слухаць чужыя размовы — штодзённая руціна.
Трэба — будуць праслухоўваць актывіста апазіцыі, загадаюць — дыстанцыйна вывучаць vox populi у курылцы стратнага калгаса дзесьці на Віцебшчыне.
Гэтыя людзі, відаць, дзеля сваіх шкурных інтарэсаў не першы год кормяць кіраўніка страшылкамі. То палохаюць спячымі «ячэйкамі тэрарыстаў» унутры краіны, то ўзрушваюць даўно не маладога чалавека пагрозамі звонку.
І калі менавіта гэтая арганізацыя унушыла Лукашэнку страх перад мабільнікам, дык гэтым разам гэтыя самыя людзі крыху перастараліся. Запусціўшы гэты бумеранг, яны рызыкуюць уласнымі лбамі.
Менавіта КДБ у асобе ўжо былога яго кіраўніка Валерыя Вакульчыка у маі 2018-га з пампай адрапартаваў аб рашэнні праблемы ўцечак канфідэнцыйнай інфармацыі. Ішла гаворка пра спецраспрацоўку — смартфон, аналагамі якога, нібыта, маглі ганарыцца лічаныя краіны.
— Існуе і запатрабавана закрытая ўрадавая сувязь. Але час патрабуе нейкіх новых рашэнняў. Кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача распрацаваць абаронены мабільны тэлефон, які дазваляў бы весці закрытыя перамовы ў любым месцы і ў любы час з любою службовай асобай, — рыхтаваў публіку да сенсацыі Вакульчык.
І агучыў яе — паводле яго слоў, цуд-смартфон на той момант быў распрацаваны, выраблены і ўжо запускаўся ў серыйную вытворчасць.
Новы тэлефон, нібыта, быў надзейна абаронены ад праслухоўвання і перахопу, а пры спробы несанкцыянаванага ускрыцця апарата прадугледжвалася самазнішчэнне зместу.
У 2018-м кіраўніцтва КДБ замахвалася не толькі на забеспячэнне ўнутраных патрэб найноўшай распрацоўкай, але і абяцала экспарт навінкі ў «некаторыя сяброўскія краіны».
А ў нашыя дні Лукашэнка парой фраз падвёў тлустую рысу пад гэтым праектам. Заклікаўшы вярнуцца да тэхналогій пазамінулага стагоддзя, ён развеяў апошнія сумневы наконт існавання спецсмартфона «made in KGB».
Арцём Сініцын, «Салідарнасць»