Прэзідэнт Польшчы ўзнагародзіў Анджэя Пачобута Ордэнам Белага Арла
1- 11.11.2025, 13:29
- 6,382
(Абноўлена) Гэта найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода.
Польскі прэзідэнт Кароль Навроцкі узнагародзіў беларускага журналіста, лідара польскай дыяспары ў Беларусі Анджэя Пачобута Ордэнам Белага Арла. Гэта адбылося сёння, 11 лістапада, у Дзень незалежнасці Польшчы.
«Ордэнам Белага Арла быў узнагароджаны Анджэй Пачобут у прызнанне выдатных заслуг перад палякамі ў Беларусі, у прыватнасці за барацьбу за правы чалавека і непахісную пазіцыю ў супрацьстаянні праявам адраджэння таталітарных рэжымаў. Ордэн будзе ўручаны яму ў найбліжэйшы магчымы тэрмін», — заявіў Кароль Навроцкі.
Ордэн Белага Арла — найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Польшчы, адзін з найстарэйшых польскіх ордэнаў.
Як пісаў сайт Charter97.org, 22 кастрычніка Анджэй Пачобут атрымаў прэмію імя Сахарава.
Журналіста і лідара ліквідаванага ўладамі «Саюза палякаў Беларусі» Анджэя Пачобута затрымалі ў 2021 годзе. У лютым 2023 года яго прысудзілі да 8 гадоў калоніі паводле артыкулаў аб распальванні варожасці і закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (артыкулы 130 і 361 КК). У 2024 годзе Анджэй Пачобут стаў ганаровым грамадзянінам Варшавы.
W Pałacu Prezydenckim rozpoczęła się uroczystość wręczenia odznaczeń państwowych przez Prezydenta RP z okazji Narodowego Święta Niepodległości. pic.twitter.com/7KzPx6WQi6
— Kancelaria Prezydenta RP (@prezydentpl) November 11, 2025