Bloomberg: Большасць індыйскіх НПЗ адмовілася ад расійскай нафты
4- 11.11.2025, 17:15
- 1,278
Індыя скараціла закупкі расійскай сыравой нафты з пастаўкай у снежні.
Большасць індыйскіх нафтаперапрацоўчых заводаў адмовілася ад закупак нафты з Расіі. Гэта адбылося з-за антырасійскіх санкцый і гандлёвых перамоваў ЗША і Індыі, паведамляе Bloomberg.
Крыніцы агенцтва паведамілі, што заказы на нафту на наступны месяц робяцца да 10-га чысла бягучага месяца. У гэтым месяцы адразу пяць індыйскіх кампаній адмовіліся ад расійскай нафты на снежань.
Такая змена закупачнай палітыкі адбылася пасля ўвядзення заходніх санкцый супраць расійскіх нафтавых гігантаў — «Раснафты» і «Лукойла».
Паводле даных Kpler, пяць кампаній забяспечвалі дзве трэці імпарту Індыяй нафты краіны-агрэсара ў 2025 годзе:
- Reliance Industries Ltd;
- Hindustan Petroleum Corp. Ltd;
- Bharat Petroleum Corp. Ltd;
- Mangalore Refinery and Petrochemicals Ltd.;
- HPCL-Mittal Energy Ltd.
«Астярожнасць гэтых кампаній часткова тлумачыцца гандлёвымі перамовамі паміж Нью-Дэлі і Вашынгтонам. Трамп у панядзелак заявіў, што дзве краіны набліжаюцца да пагаднення», — адзначае выданне.
Bloomberg са спасылкай на крыніцы адзначае, што падчас перамоваў Індыя абавязалася купляць больш нафты з ЗША.
Толькі дзве індыйскія кампаніі плануюць набыць расійскую нафту ў снежні — Indian Oil Corp. і Nayara Energy Ltd.
Indian Oil Corp. набыла каля 3,5 млн барэляў нафты ESPO, аднак закупка ажыццяўляецца ў пастаўшчыкоў, якія не падпадаюць пад новыя санкцыі ЗША.
Пры гэтым Nayara Energy Ltd. цалкам абапіраецца на нафту з Расіі, паколькі «Раснафта» часткова валодае кампаніяй.