Чыноўнікі захочуць адпомсціць Лукашэнку?
10- 12.11.2025, 16:44
- 20,312
Чаму немагчыма аперацыя «пераемнік».
Лукашэнка не можа перадаць уладу пераемніку, які гарантаваў бы яму далейшае бяспечнае існаванне, піша для «Пазірка» беларускі палітолаг Валер Карбалевіч:
— Перш за ўсё, ён нікому не верыць, бо меркуе пра іншых па сабе. Беларускі кіраўнік шмат разоў парушаў свае абяцанні, калі гэта было яму выгадна.
За доўгія гады кіравання Лукашэнка столькі натварыў, што ёсць вельмі шмат пакрыўджаных, якія жадаюць прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці. Прычым не толькі ў асяроддзі апазіцыі.
Пацярпела шмат высокіх чыноўнікаў, прадстаўнікоў дырэктарату, бізнесменаў. Там, у элітным асяроддзі, таксама назапашана нямала зёран нянавісці. Людзі ні за што так не помсцяць, як за ўласнае прыніжэнне.
Доўгае знаходжанне пры ўладзе прывяло Лукашэнку да разумення, што ў палітыцы любыя гарантыі і дамоўленасці з'яўляюцца адноснымі і ўмоўнымі, піша Карбалевіч:
— Іх выкананне залежыць не столькі ад дакладнасці і ступені юрыдычнага замацавання, колькі ад суадносін палітычных сіл.
Дыктатар Аўгуста Піначэт у Чылі напярэдадні адстаўкі, здавалася б, стварыў шматпавярховую, шмат'ярусную сістэму гарантый уласнай недатыкальнасці. Тым не менш гэта не ўратавала яго ад судовага пераследу.
Гісторыя апошніх дзесяцігоддзяў дае шмат прыкладаў, калі былыя дыктатары траплялі пад суд.
Акрамя таго, афіцыйна абвешчаны пераемнік — гэта пагроза дзеючаму ўладару, цэнтр кансалідацыі ўсіх незадаволеных у эліце.
З яго з'яўленнем кіруючая наменклатура пачне паступова арыентавацца на будучага ўладара. А папярэдні ператворыцца ў «кульгавую качку».