МЗС Украіны патлумачыла, чаму не закрывае пасольства ў Беларусі
5- 12.11.2025, 17:47
- 2,458
Кіеў лічыць гэта спосабам стрымаць Лукашэнку ад прамога ўдзелу ў вайне.
Міністэрства замежных спраў Украіны паведаміла ў адказ на запыт выдання Liga.net, што дыпламатычная місія ў Мінску працягвае працаваць, каб знізіць рызыку далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну на баку Расіі, а таксама дапамагаць грамадзянам Украіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Сярод галоўных задач пасольства Украіны — кансульская дапамога і абарона украінцаў, садзейнічанне вяртанню незаконна вывезеных дзяцей з акупаваных тэрыторый, а таксама праца з іншымі замежнымі дыпламатычнымі місіямі адносна парушэння Расіяй міжнароднага гуманітарнага права і ўдзелу Беларусі ў гэтых дзеяннях.
У МЗС Украіны адзначылі, што пасольства дзейнічае ў складаных умовах — на фоне збліжэння Мінска і Масквы ў рамках «саюзнай дзяржавы» і актыўнага ваенна-тэхнічнага, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж імі.
Пры гэтым ваенны аташэ Украіны ў Беларусі цяпер не працуе.
Акрамя таго, ведамства паведаміла Liga.net, што паводле неафіцыйнай інфармацыі ў Беларусі цяпер знаходзіцца каля 200 тысяч грамадзян Украіны, але на консульскім уліку — толькі каля 7 тысяч. З пачатку года да сярэдзіны верасня пасольства пералічыла ў бюджэт Украіны каля 110 тысяч долараў за кансульскія паслугі.