Сырскі: Пра кантроль расіян над Пакроўскам або аператыўнае акружэнне Сіл абароны гаворкі няма
2- 12.11.2025, 21:09
- 2,808
Галоўнакамандуючы ЗСУ назваў асноўныя задачы Сіл абароны Украіны на гэтым напрамку.
Расійскія акупанты праводзяць маштабныя штурмы Пакроўска Данецкай вобласці, спрабуючы скарыстацца складанымі пагоднымі ўмовамі. Пра гэта 12 лістапада ў Facebook паведаміў галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі.
Паводле яго слоў, стабілізацыя абстаноўкі ў раёне пакроўска-мірнаградскай аперацыі залежыць ад узроўню ўзаемадзеяння і зладжанасці дзеянняў ваеннага камандавання і задзейнічаных падраздзяленняў.
«Пакроўскі напрамак застаецца галоўным у кантэксце наступу праціўніка. Тут фіксуецца найбольшая колькасць штодзённых штурмавых дзеянняў ворага, тут сканцэнтраваная значная частка яго групоўкі, якая дзейнічае на тэрыторыі Украіны. Праціўнік, у прыватнасці, імкнецца скарыстацца складанымі пагоднымі ўмовамі», — напісаў Сырскі.
Ён назваў асноўныя задачы Сіл абароны Украіны на гэтым напрамку, у прыватнасці — паступовае ўзяцце пад кантроль пэўных раёнаў, падтрымка і абарона наяўных лагістычных шляхоў, а таксама арганізацыя дадатковых — для забеспячэння ўкраінскіх вайскоўцаў усім неабходным і бесперабойнай эвакуацыі параненых.
«На падступах і непасрэдна ў гарадской забудове працягваецца пастаянная барацьба з малымі штурмавымі пяхотнымі групамі праціўніка, радзей — знішчэнне лёгкай варожай тэхнікі», — падкрэсліў галоўнакамандуючы ЗСУ.
Сырскі дадаў, што пошук і знішчэнне расійскіх акупантаў працягваецца і на прылеглым Ачарэтынскім напрамку.
«За апошнія сем сутак у выніку пошукава-ўдарных дзеянняў ачышчана ад ДРГ праціўніка 7,4 км² тэрыторыі Пакроўскага раёна Данецкай вобласці. Пра кантроль расіян над горадам Пакроўскам або пра аператыўнае акружэнне групоўкі Сіл абароны Украіны гаворкі не ідзе», — указаў галоўнакамандуючы ЗСУ.