Украіна атрымае ад ЕС транш у памеры 6 млрд еўра
1- 12.11.2025, 23:29
- 1,406
Ужо заўтра.
У чацвер, 13 лістапада, Украіна чакае чарговы транш ад Еўрапейскага саюза ў памеры 6 млрд еўра.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву старшыні Камітэта Вярхоўнай Рады па пытаннях бюджэту Раксоланы Підласы.
Дэпутат распавяла пра вынікі перамоваў з дэлегацыяй EC FIN (дырэктарат Еўракамісіі, які займаецца ERA loans і «рэпарацыйным крэдытам»).
«З добрых навін — чакаем, што наступны транш прамой бюджэтнай дапамогі паступіць паводле плану, прыблізна ў чацвер. Ідзе гаворка пра 4,1 млрд еўра ў межах ERA loans і 1,9 млрд еўра ў межах Ukraine Facility», — гаворыцца ў заяве.
Підласа адзначыла, што дзякуючы паступленню траншу рызыкаў з фінансаваннем ваенных і сацыяльна-гуманітарных выдаткаў няма.
«Што да “рэпарацыйнага крэдыту” — праца працягваецца, але патрэбнае палітычнае рашэнне Еўрасавета», — дадала яна.
Дэпутат адзначыла, што Украіне спатрэбіцца новая дапамога ад Еўрасаюза ўжо напрыканцы I квартала 2026 года. Перш за ўсё, падкрэсліла Підласа, для фінансавання невайсковых выдаткаў.
Паводле яе слоў, абмеркаванне надання «рэпарацыйнага крэдыту» ў Бруселі будзе суправаджацца ўмовамі пра працяг і ўзмацненне рэформаў.