Урад Літвы ўхваліў ужорстчанне пакаранняў за паветраную кантрабанду
1- 12.11.2025, 23:38
- 5,422
З-за прылётаў метэазондаў з Беларусі.
Урад Літвы ўхваліў прапановы аб змяненнях у заканадаўстве, якія прадугледжваюць узмацненне адказнасці за кантрабанду — што з'яўляецца адным з крокаў, накіраваных на супрацьдзеянне масавай пераправе такіх грузаў з Беларусі з дапамогай метэазондаў.
Пра гэта паведамляе Delfi.
12 лістапада ўрад Літвы зацвердзіў папраўкі ў заканадаўства, прапанаваныя МУС, якія прадугледжваюць узмацненне адказнасці за кантрабанду ў выпадках, калі яе транспартаванне стварае пагрозу для людзей, бізнесу або прыводзіць да парушэння авіяцыйных зносін.
За перавозку кантрабанды, што пацягнула пагрозу жыццю і здароўю людзей, дзейнасці прадпрыемстваў, важных для нацыянальнай бяспекі, або парушэнне транспартных зносін, прапануюць караць тэрмінам ад 4 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Асобна распісаныя санкцыі за кантрабанду таго ці іншага тыпу тавараў, з максімальнымі тэрмінамі да 12 гадоў пазбаўлення волі.
«Папраўкі з'яўляюцца адказам на пагрозы нацыянальнай бяспецы, што ўзніклі ў сувязі з актывізацыяй кантрабанды з выкарыстаннем метэазондаў», — сказаў міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.
Пасля зацвярджэння праекта на ўзроўні ўрада яго павінен разгледзець Сеймас. Урад прапануе зрабіць гэта па паскоранай працэдуры.
Нагадаем, пасля серыі інцыдэнтаў з метэаралагічнымі шарамі, якія парушалі працу аэрапорта Вільнюса, Літва закрыла сваю мяжу з Беларуссю на месяц практычна для ўсіх. Выключэнні тычацца толькі дыпламатаў, расіян, якія едуць транзітам у Калінінградскую вобласць, або грамадзян ЕС, што вяртаюцца ў Літву з суседняй краіны.
Пасля чарговых інцыдэнтаў 8 і 10 лістапада Літва выклікала прадстаўніка пасольства Беларусі.
У той жа час Літве даводзіцца весці перамовы з Беларуссю з-за сітуацыі з літоўскімі грузавікамі, якія на момант прыняцця рашэння аб закрыцці мяжы не паспелі вярнуцца дадому і трапілі пад супрацьмеры Мінска.