Абаронная прамысловасць РФ апынулася ў крызісе
3- Брэнт М. Іствуд, The National Security Journal
- 4,218
Без «Арматы», Су-75 і ПАК-ДА.
Да пачатку вайны РФ хвалілася новым танкам Т-14 «Армата», але яго не заўважылі на полі бою і з нейкай прычыны не прадаюць за мяжу. На фронце ва Украіне з'яўляюцца найноўшыя Су-57, але адзін самалёт знішчылі проста на аэрадроме, а вытворчасць абмежавалі з-за дэфіцыту заходніх кампанентаў. Якія магчымасці ваенна-прамысловага комплексу РФ і ці сапраўды на чацвёртым годзе вайны пачаўся крызіс?
Расійская абаронная прамысловасць цярпіць ад цяжару ваенных патрэб і санкцый. Буйнейшыя праграмы — Су-75, Су-57, Т-14 «Армата» і ПАК-ДА — пастаянна зрываюцца, а заводы канкуруюць паміж сабой за мікрасхемы, інвестыцыі і кваліфікаваную працоўную сілу.
Чаму расійская абаронная прамысловасць церпіць крах
У ЗС РФ праблемы з закупкамі абароннай прадукцыі. Уладзімір Пуцін, яго генералы і адміралы часта даюць завышаныя абяцанні і не выконваюць іх. Расіяне відавочна сутыкаюцца з цяжкасцямі ў вайне супраць Украіны і не могуць стварыць такое неабходнае Пуціну «суперзброю».
Цяжкасці ў Расіі пачаліся адразу пасля распаду Савецкага Саюза. Недахоп фінансаў негатыўна адбіўся на ваенных патрэбах. Урад працаваў у хаатычным рэжыме, надаючы асноўную ўвагу падтрымцы маладой рынкавой эканомікі і іншым унутрыпалітычным праблемам.
Гэта прывяло да адмены і затрымак розных праграм па будаўніцтве самалётаў і караблёў. На аднаўленне абароннай прамысловасці спатрэбіліся гады.
Няўдачы з прэстыжнымі праектамі
Цяпер, у сувязі з вайной ва Украіне, Расія мусіць зноў перагледзець закупкі абароннай прадукцыі ў межах дарагіх і амбіцыйных праграм, такіх як Су-75, Су-57, Т-14 «Армата» і ПАК-ДА. Напрыклад, стэлс-знішчальнік Су-75 не выпускаецца ў вялікіх колькасцях і не карыстаецца попытам на экспартным рынку.





Тое самае датычыць і Су-57, які да таго ж не можа пахваліцца выдатнымі баявымі вынікамі ў небе над Украінай. АБТ Т-14 «Армата» аказаўся дарагім і пераацэненым. У Расіі ўзніклі цяжкасці з яго серыйнай вытворчасцю. Магчыма, гэтую няўдалую праграму давядзецца скасаваць. Вытворчасць бамбардзіроўшчыка новага пакалення ПАК-ДА таксама неаднаразова спынялі і зноў запускалі. Невядома, калі гэты стэлс-самалёт паступіць на ўзбраенне. Да таго ж у расійскага флоту няма дзеючага авіяносца, што таксама даволі сумна.
Нізкі маральны дух працоўнай сілы
Адна з найбуйнейшых праблем — маральны дух. Расіяне ашаломлены цяжкасцямі ў супрацьстаянні з сіламі абароны Украіны, а таксама неверагоднай колькасцю ахвяр і знішчанай тэхнікі. Працоўныя розных абаронных ведамстваў пытаюцца сябе, ці захаваюць яны той самы ўзровень нацыянальнай гордасці і прэстыжу, якім яны карысталіся да вайны.
Санкцыі перашкаджаюць распрацоўцы высокатэхналагічных сістэм
Акрамя таго, міжнародныя санкцыі нанеслі шкоду ланцужкам паставак у абароннай сферы. Тэмпы тэхналагічных інавацый знізіліся да неэфектыўнага ўзроўню. Вытворчыя канвееры прастойваюць, а рабочыя застаюцца без працы, не выконваючы планавых паказчыкаў.
У краіне няма мікрапрацэсараў з ЗША, Еўропы або Японіі. Адзіны шанец для расіян працягваць стварэнне перадавых сістэм узбраення — абапірацца на краіны другога эшалона, якія пастаўляюць некаторыя кампаненты, нягледзячы на санкцыі. Такія запчасткі маюць ніжэйшую якасць і часта затрымліваюцца, калі ўвогуле даходзяць да Расіі.
Час вызначыць прыярытэты
У Расіі занадта шмат сістэм узбраення, якія эксплуатаваюцца адначасова, і расставіць прыярытэты бывае няпроста. Ці варта ёй засяродзіцца на войску, якому патрэбная хуткая замена танкаў і бранятэхнікі? А як жа ваенна-марскі флот і яго патрэба ў новых караблях узамен знішчаных, такіх як флагман Чорнага мора «Масква», які лічыўся адным з найлепшых караблёў флоту? Тым часам ваенна-паветраныя сілы таксама патрабуюць вялікіх інвестыцый у сувязі з адначасовай распрацоўкай Су-57, Су-75 і ПАК-ДА.
На ўсё гэта проста не стае часу, грошай і рэсурсаў. Расія залежыць ад цэн на нафту, каб захаваць свае даходы і накіраваць іх на вядзенне вайны і абаронныя закупкі. Але з пачатку гэтага года цана на сырую нафту ўпала на 18%.
Расія разлічвае на Кітай у пытаннях закупкі вуглевадародаў, але гэтых закупак можа аказацца недастаткова для забеспячэння абароннай прамысловасці.
Кваліфікаваная працоўная сіла гіне ва Украіне
Ці хапае Расіі кваліфікаваных рабочых? Неабходна надаваць асаблівую ўвагу набору і ўтрыманню высокакваліфікаваных работнікаў для вытворчасці вайсковай тэхнікі. Але праз вайну маладыя здаровыя мужчыны, якія маглі б папоўніць шэрагі работнікаў абароннай прамысловасці, ваююць і гінуць ва Украіне.
У выніку застаюцца толькі пажылыя работнікі, якім не стае вытрываласці для выканання фізічна цяжкай працы. Трэба скончыць вайну, каб навучыць і падрыхтаваць новае пакаленне для працы на ваенных заводах.
Расіі можа не хапіць фінансаў для інвестыцый ва ўсе гэтыя праграмы. Для задавальнення ваенных патрэб патрэбныя трыльёны рублёў.
«Вытворчасць «вырабаў з металу», якая вырасла на 26,4% у 2023 годзе і на 31,6% у 2024 годзе, у верасні скарацілася на 1,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года пасля росту на 21,2% у жніўні», — паведамляе Moscow Times.
Рост вытворчасці запавольваецца па ўсіх напрамках, а наперадзе яшчэ большыя затрымкі з пастаўкамі каштоўнага абсталявання.
«Інстытут эканамічнага прагназавання Расійскай акадэміі навук паведаміў, што 18 з 24 падсектараў вытворчасці, якія ў сукупнасці вырабляюць амаль 80% тавараў краіны, цяпер знаходзяцца ў стане рэцэсіі», — таксама адзначае Moscow Times.
Расійскаму ўраду давядзецца павялічыць дэфіцыт бюджэту, каб фінансаваць ваенныя дзеянні, і ў сектары закупак для абаронных патрэб можа ўзнікнуць недахоп сродкаў.
Усё гэта дрэнныя навіны для Пуціна. Да таго ж у абароннай прамысловасці ўсё яшчэ захоўваюцца перажыткі савецкай сістэмы. Верагодна, давядзецца прыдумаць вытворчыя квоты, каб парадаваць «дарагога вождзя».
Гэта перашкаджае ўкараненню новых вытворчых тэхналогій. Заводы раскіданыя па ўсёй краіне, што стварае праблемы з эфектыўнасцю і эканоміяй за кошт маштабу.
Навуковыя даследаванні і распрацоўкі таксама далёкія ад таго ўзроўню, які дазволіў бы расійскай абароннай прамысловасці годна сустрэць 2030-я гады. Да гэтага часу жывыя перажыткі савецкай ментальнасці, паводле якой усё «і так сыдзе».
Крамлю неабходна стымуляваць навуковыя даследаванні падвойнага прызначэння ўніверсітэтах, але, у адрозненне ад ЗША, у Расіі практычна няма тэхналагічных цэнтраў, якія ўзначальваюцца ўніверсітэцкімі вучонымі.
У Расіі наперадзе шмат працы. Вайна ўваходзіць у чацвёрты год, і яе заканчэння не відно, а абаронныя прадпрыемствы засяроджваюцца на вытворчасці танкаў і бронетранспарцёраў старых мадэляў, з-за чаго вытворчасць новай вайсковай тэхнікі адстае. Праблемы з ланцужкамі паставак і зніжэнне тэмпаў вытворчасці ствараюць дадатковыя цяжкасці.
Маладыя, энергічныя работнікі, якія звычайна папаўняюць рады абароннай прамысловасці, або на фронце, або ўжо загінулі ці былі паранены ў баі. Гэта пазбаўляе Расію цэлага пакалення рабочых.
Санкцыі не будуць аслаблены, а фінансы застануцца абмежаванымі, пакуль працягваецца вайна на знясіленне. Абаронная прамысловасць выдыхаецца, і Пуціну давядзецца задацца пытаннем, ці зможа ён вырабіць дастатковую колькасць сваіх «вундэрвафэ», каб змяніць вынік вайны.
Аднаўленне расійскай вытворчасці зброі зойме гады, і гэта задавальняе Украіну, ЗША і НАТА, якія разлічваюць працягваць ціснуць на Пуціна і абмяжоўваць вытворчыя магчымасці яго краіны.
Брэнт М. Іствуд, The National Security Journal