«Нейк па-саўковаму атрымліваецца»
8- 13.11.2025, 13:20
- 12,300
Гамяльчане выказаліся пра новую «ініцыятыву» ўладаў.
Пакуль у Гомелі працягваюць рыхтаваць пляцоўку каля фабрыкі «8 Сакавіка» для ўстаноўкі помніка Ракасоўскаму, дзяржаўныя рэсурсы паказалі, як выглядае скульптура. «Флагшток» паглядзеў, што пра яе думаюць гамяльчане, сабраўшы каментары ў сацсетках.
Пад навіной з’явіўся шэраг пазітыўных водгукаў, але пакідалі іх, як правіла, прыхільнікі дзейных уладаў і паклоннікі «рускага міру». Да прыкладу — карыстальнік з нікам 2020artiomka, старонка якога «зашкальвае» ад «чырвона-зялёнага патрыятызму» і георгіеўскіх стужак.
Што да «нейтральных» гамяльчан, дык яны ў цэлым не выступалі супраць асобы Ракасоўскага, але зноў нагадалі пра знішчэнне скверу дзеля ўстаноўкі помніка — гэты факт выклікаў найбольшае абурэнне карыстальнікаў.
«Замест цудоўнага скверыка з дрэвамі будзе вось гэта. У які момант мы страцілі магчымасць кантраляваць нашых чынуш, якія цяпер бескантрольна высякаюць зялёныя дрэвы і трацяць бюджэт на такое вось? Праходжу міма былога скверыка — аж балюча глядзець», — напісала гамяльчанка.

Некаторыя здзівіліся, чаму скульптуру вырабляюць у Расіі, адзначыўшы, што «каня ў падарунак ужо траянцы дарылі ў гісторыі» і што «акупанты зноў пазначаюць тэрыторыю».
Іншыя задаліся пытаннем, калі, нарэшце, у Гомелі з’явяцца помнікі ў гонар вядомых мясцовых дзеячаў, напрыклад, архітэктара Станіслава Шабунеўскага.
Частка каментатараў выступіла супраць чарговага мілітарысцкага сімвала, напрыклад:
«Чаму помнік вайскоўцу? Дзе помнікі архітэктарам, лекарам, настаўнікам або проста будаўнікам, якія аднавілі горад пасля вайны? Ці вайскоўцы — гэта наша ўсё? І далей будзем на кані і з шабляй?»
Што да самой скульптуры, то некаторыя адзначылі, што «вершнік круты, але Гомель і гамяльчане запомнілі яго ў іншым вобліку — а такім яго бачылі толькі масквічы».
Адзін з карыстальнікаў негатыўна ацаніў працу скульптара:
«Такое ўражанне, што сутарга звяла і вершніка, і каня — дынамікі няма. Нейк няўмела і па-саўковаму атрымліваецца».