Пад Мінскам прадаецца недабудаваны палац у стылі 90-х
9- 13.11.2025, 17:00
- 8,108
Амаль 500 «квадратаў» абыдуцца танней, чым сталічная новабудоўля.
Калі вы марылі жыць, як у маленькім палацы, вось ваш шанец: усяго ў 3,4 км ад МКАД прадаецца двухпавярховы катэдж з паўпадвалам і склепам. Агульная плошча дома — уражлівыя 488 м², а архітэктура з вежачкай проста з 1990-х нагадвае пра той час, калі кожны, у каго былі грошы, хацеў забетанаваць сваё багацце на зямельным участку, піша Onlíner.

Дом пабудаваны ў 1999 годзе з блокаў і абліцаваны цэглай, дах — з металачарапіцы. Унутры — чарнавая аздоба, што дазволіць будучаму ўладальніку зрабіць інтэр’ер паводле ўласнага густу. Ці будзе гэта прадказальнае рашэнне ў выглядзе ляпніны і пазалоты, ці нешта нечаканае — брутальны лофт, вырашаць толькі новаму гаспадару. Відавочна адно: укласціся ў рамонт давядзецца грунтоўна — усё ж плошча ў жылля нямаленькая.

Участак плошчай 14 сотак знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.
Аб’ект знаходзіцца ў вёсцы Прылуцкая Слабада — гэта брэсцкі напрамак. Побач праходзіць чыгунка: да станцыі з электрычкамі можна дайсці пешшу, што робіць аб’ект зручным для паездак у Мінск.


Аб’ект прадаецца за $170 000 па курсе. Пэўна, гэты дом — адбітак эпохі, калі прасторныя хоромы і вежачка на даху былі прыкметай статусу, а мінімалізм не быў у пашане.