Вучоныя: На Марсе ёсць месцы, прыдатныя для жыцця
5- 13.11.2025, 17:13
- 4,760
Выяўлены пячоры, дзе могуць жыць іншапланецяне.
Вучоныя выявілі прыкметы існавання старажытных падземных вод на Марсе. Гэта паказвае на тое, што Чырвоная планета магла быць прыдатнай для жыцця больш працяглы перыяд, чым меркавалася. Таксама вучоныя выявілі на Марсе пячоры, у якіх, магчыма, існуе або існавала ў мінулым пазаземнае жыццё.
Даследчыкі выявілі новыя доказы таго, што вада калісьці цекла пад паверхняй Марса. Гэта сведчыць, што Чырвоная планета магла заставацца прыдатнай для жыцця значна даўжэй, чым лічылася раней. Таксама вучоныя высветлілі, што, калі на Марсе існуе або існавала ў мінулым пазаземнае жыццё, яго трэба шукаць у пячорах, абароненых ад пылавых бураў, экстрэмальных тэмператур і высокай радыяцыі на паверхні Чырвонай планеты. Даследаванні апублікаваныя ў часопісе Journal of Geophysical Research—Planets і ў часопісе The Astrophysical Journal Letters, піша Phys
Падземны сакрэт Марса
Аўтары першага даследавання высветлілі, што старажытныя пясчаныя дзюны ў кратары Гейл, які даследуе марсаход NASA Curiosity, паступова ператварыліся ў камень пасля ўзаемадзеяння з падземнымі водамі мільярды гадоў таму. Вучоныя параўналі даныя, атрыманыя Curiosity на Марсе, з данымі пра мінералы, што ўтварыліся ў пустыні на Аравійскім паўвостраве ў падобных умовах.
Даследаванне паказала, што вада з бліжэйшай гары на Марсе калісьці прасочвалася ў пясчаныя дзюны праз дробныя расколіны. Такім чынам узніклі мінералы, такія як гіпс. Гэта той самы мінерал, які ўтвараўся пад уздзеяннем вады ў пустыні на Зямлі.
Паводле слоў вучоных, у марсіянскіх мінералах могуць захавацца сляды арганічнага матэрыялу, а значыць і сляды патэнцыйнага пазаземнага жыцця на Марсе, якое магло існаваць у мінулым.
Аўтары даследавання кажуць, што Марс не проста адразу ператварыўся з вільготнай у сухую планету. Нават пасля таго, як на паверхні Чырвонай планеты зніклі рэкі і азёры, невялікая колькасць вады працягвала перамяшчацца пад паверхняй планеты. Такім чынам патэнцыйна існавала асяроддзе, дзе маглі жыць пазаземныя мікраарганізмы.
Гэта адкрыццё дае новае ўяўленне пра тое, як Марс эвалюцыянаваў з цягам часу. Вучоныя лічаць, што прыкметы пазаземнага жыцця на Марсе варта шукаць пад паверхняй.
Пячоры на Марсе, дзе могуць жыць іншапланецяне
Аўтары другога даследавання выявілі на Марсе новы тып пячор, якія былі ўтвораныя вадой, што растваряла горныя пароды. Гэта карставыя пячоры, якіх раней не назіралі на Марсе.
На Зямлі карставыя пячоры звычайна ўтвараюцца, калі вада растварвае горныя пароды, такія як вапняк або гіпс, ствараючы і пашыраючы падземныя трэшчыны і разломы, якія дасягаюць памераў пячор. Вучоныя лічаць, што ў мінулым на Марсе вада магла растварыць багатыя карбанатамі і сульфатамі горныя пароды, каб стварыць гэтыя пячоры, якія былі выяўленыя з дапамогай касмічных апаратаў.
Вучоныя лічаць, што ў гэтых пячорах, абароненых ад пылавых бураў, экстрэмальных тэмператур і высокай радыяцыі на паверхні Чырвонай планеты, трэба шукаць прыкметы пазаземнага жыцця, якое існуе цяпер або існавала ў мінулым.
Нават калі жыццё ў гэтых пячорах не будзе выяўлена, яны могуць служыць натуральнымі сховішчамі для астранаўтаў, кажуць вучоныя.