Кіраўнікі найбуйнейшых краін свету адмовіліся ехаць на G20
4- 13.11.2025, 20:01
- 11,364
Сі Цзіньпін услед за Трампам адмовіўся ад удзелу ў саміце ў ПАР.
Старшыня КНР Сі Цзіньпін не будзе ўдзельнічаць у саміце «Групы дваццаці», які адбудзецца ў Ёганэсбургу (ПАР) 22 лістапада. Аб гэтым паведамляе Bloomberg.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп дапусціў, што адмовіцца ад паездкі на саміт G20, бо ў яго «шмат праблем» з ПАР.
Міністэрства замежных спраў Кітая абвясціла, што Пекін на G20 прадставіць прэм’ер-міністр Лі Цян. У заяве не тлумачыцца, чаму Сі Цзіньпін у гэтым годзе не будзе прысутнічаць на сустрэчы.
Рашэнне кітайскага лідара азначае, што на саміце, створаным для вырашэння глабальных эканамічных праблем на ўзроўні першых асоб, не будзе лідараў дзвюх найбуйнейшых эканомік свету (ЗША і Кітая), адзначае агенцтва.
Там таксама не будзе дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна – ПАР з’яўляецца ўдзельніцай Міжнароднага крымінальнага суда, які выдаў ордэр на арышт Пуціна за выкраданне дзяцей ва Украіне падчас поўнамаштабнага ўварвання.