«Белавія» шукае пілотаў для Boeing і бортправаднікаў
9- 14.11.2025, 1:12
- 16,652
Якія заробкі прапануюць.
Авіякампанія «Белавія» шукае для двух Boeing-737, 20 бортправаднікаў і супрацоўнікаў для працы на зямлі. Аб'явы пра вакансіі размешчаныя на сайце службы занятасці, на гэта звярнуў увагу Myfin.by.
Кампанія шукае 20 бортправаднікаў з заробкам 1800−3500 рублёў. У прэтэндэнта можа быць сярэдняя спецыяльная адукацыя. Валоданне англійскай мовай абавязковае і на ўзроўні не ніжэй за Pre-Intermediate, вітаецца валоданне кітайскай, як і іншымі замежнымі мовамі. Для ваеннаабавязаных таксама пажадана наяўнасць дакумента ваеннага ўліку. Акрамя таго, у будучага бортправадніка не павінна быць шкодных звычак, татуіровак на адкрытых участках цела.
«На пасаду бортправадніка не прымаюцца грамадзяне, якія маюць нязнятую або непагашаную судзімасць за ўчыненне наўмыснага злачынства», — гаворыцца ў вакансіі.
Таксама кампанія шукае двух камандзіраў паветранага судна для Boeing-737. Прапануюць заробак 8000−18 000 рублёў. Прэтэндэнт павінен мець вышэйшую адукацыю, добры ўзровень англійскай.
Патрэбны і адзін перакладчык з пяцігадовым стажам працы і ўзроўнем англійскай і кітайскай C2. Заробак будзе 1807−2780 рублёў.
Шукаюць і супрацоўнікаў для працы на зямлі. Напрыклад, маляра з заробкам 2500−3000 рублёў і аднаго дворніка з заробкам 1494−2054 рублёў.
Нагадаем, 11 верасня гэтага года стала вядома, што ЗША здымаюць санкцыі з авіякампаніі «Белавія». У Амерыканскім Бюро прамысловасці і бяспекі (BIS) Мінгандлю ЗША растлумачылі, што 12 верасня гэтага года дазволілі пэўным самалётам беларускага нацыянальнага авіяперавозчыка выконваць міжнародныя рэйсы і праходзіць тэхабслугоўванне. Тады абмежаванні знялі з васьмі Boeing — іх вывелі з-пад жорсткіх санкцый, уключаючы забарону на рамонт, мадэрнізацыю і пастаўку запасных частак. Але на іх нельга лётаць у некаторыя краіны, у тым ліку ў Расію.
4 лістапада Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Мінфіна ЗША (OFAC) выключыла з санкцыйнага спісу беларускую дзяржаўную авіякампанію «Белавія» і адзін з самалётаў, якім рэгулярна карыстаюцца Аляксандр Лукашэнка і члены яго сям'і.
Нацыянальны авіяперавозчык па-ранейшаму знаходзіцца пад санкцыямі ЕС.