Германія ўвяла новыя правілы вайсковай службы
- 1,826
Рэгістрацыя абавязковая, служба — добраахвотная.
Кіроўная кааліцыя ў Германіі ўзгодніла рэформу вайсковай службы.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Новая кампрамісная версія, узгодненая партыямі кааліцыі, прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю і медыцынскі агляд усіх мужчын ва ўзросце ад 18 гадоў. Абавязковым будзе таксама запаўненне анкеты, у якой трэба будзе дэталёва апісаць сваю гатоўнасць да службы.
З 1 студзеня 2026 года Германія будзе патрабаваць ад усіх мужчын рэгістравацца для патэнцыйнага праходжання вайсковай службы. Пры гэтым вайсковая служба спачатку будзе заставацца добраахвотнай пры ўмове, што дастатковая колькасць мужчын пагодзіцца пайсці добраахвотнікамі.
Міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыус нагадаў, што Еўропа разлічвае на Германію «не толькі ў плане фінансаў, зброі і закупак, але і ў плане асабовага складу».
Пасля заключэння пагаднення аб рэформе вайсковай службы партыямі кіроўнай кааліцыі кіраўнік Міністэрства абароны выказаў упэўненасць, што «ўсё будзе добра», і зноў назваў добраахвотную службу «прывабнай» канцэпцыяй.
Вайсковы абавязак па неабходнасці
Калі неабходная колькасць вайскоўцаў не будзе дасягнута за кошт добраахвотнікаў, парламент ФРГ можа ўвесці так званы «вайсковы абавязак па неабходнасці».
«Гэта азначае, што ў выпадку ўвядзення абавязковай вайсковай службы пры адборы прызыўнікоў будзе прымяняцца цэлы шэраг крытэрыяў», — распавёў Пісторыус.
Сярод падстаў для звальнення ад прызыву ў армію: наяўнасць двух братоў, якія праходзяць асноўную вайсковую службу, праца ў паліцыі, служба ў грамадзянскай абароне, адмова па матывах сумлення.
Да 2035 года колькасць Узброеных сіл Германіі павінна вырасці да 260 тысяч салдат (гэта на 80 тысяч больш, чым цяпер), а рэзервістаў — да 200 тысяч. Калі гэтай мэты не будзе дасягнута, будзе адноўлена абавязковая вайсковая служба, для чаго спатрэбіцца прыняць асобны закон.