«Падарунак жа, радуйцеся!»
3- 14.11.2025, 12:36
- 6,378
Як на беларускіх прадпрыемствах віншуюць з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі.
У трэцюю нядзелю лістапада ў Беларусі адзначаюць прафесійнае свята — дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. Але ўжо напярэдадні TikTok запаланілі ролікі, дзе беларусы паказваюць распакоўкі падарункаў ад наймальнікаў.
Гэтыя відэа выклікаюць жвавыя абмеркаванні. «Салідарнасць» таксама паглядзела, як прадпрыемствы АПК віншуюць сваіх супрацоўнікаў, і што думаюць з гэтай нагоды беларусы.
Напрыклад, работнік Магілёўскага мясакомбіната паказаў «два пакеты каўбасы ўсякай-рознай», а дадаткам — каробку з 13 пачкамі пяльменяў. Пад гэтым ролікам ужо больш за тысячу каментароў і яшчэ больш рэакцый.
Частка каментатараў парадавалася, што кіраўніцтва «так цэніць сваіх супрацоўнікаў», «паважае, памятае і заахвочвае людзей сваёй прадукцыяй», а крытыкі, маўляў, проста зайздросцяць. Але многія адзначылі, што «проста так нічога не бывае», а значыць, прадукты выдалі не разам з грашовай прэміяй, а замест яе — і гэта сумна, калі чалавек радуецца каўбасе.
Многія, дарэчы, адзначылі, што таксама працуюць у АПК і атрымліваюць падобныя наборы — толькі сума гэтых прадуктаў потым уносіцца ў разліковы ліст у радок «утрыманне», і заробак выдаюць ужо з яе ўлікам.
Работнік ААТ «Бальшавік-Агра» зрабіў сваю распакоўку — у падарункавым наборы прадукцыя ўласнай вытворчасці і тавары ад прадпрыемстваў-партнёраў на суму 200 рублёў. Набор, дарэчы, тут больш разнастайны: фарэль, сыр, фарш, сланечнікавы алей, вэнджаныя яйкі, салодкасці, маянэз і г.д.
Пад гэтым ролікам таксама нямала кампліментаў на адрас кіраўніцтва прадпрыемства — хоць некаторыя беларусы адзначылі, што атрымалі прэмію грашыма, і гэта значна прыемней, а некаторыя спыталі пра памеры заробкаў на прадпрыемстве, каб у поўнай меры ацаніць шчодрасць падарункаў.
Яшчэ ў адной распакоўцы ад «сельгаспрадпрыемства пад Гроднам» — два вялікія пакеты з малочнай прадукцыяй і каўбасамі. «А нам сёлета далі прэмію 800 беларускіх рублёў, і я рады — куплю сам, што захачу, а не тое, што мне, магчыма, і не трэба», — напісаў адзін з каментатараў.
У гаспадарцы Капыльскага раёна набор заўважна сціплейшы: у асноўным мука, макароны, крупы, сокі з кансервамі. Затое «Агроніва» з Камянецкага раёна шчодра выдала работнікам самыя розныя віды каўбас і мясных вырабаў, сыроў, масла гхі, мёду і гэтак далей. І такіх «распаковачных» ролікаў у беларускім сегменце TikTok — дзясяткі, калі не сотні.
Судзячы па рэакцыях беларусаў, тыя гаспадаркі і прадпрыемствы, дзе работнікаў заахвоцілі прэміямі, выдзелілі на гэта ад 200 да 800 рублёў. Праўда, дзесьці абмежаваліся адной базавай велічынёй. А ў многіх месцах, распавядаюць каментатары, работнікаў павіншавалі толькі вуснай падзякай, а то і «фігу з маслам паклалі».
Як яшчэ кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў адзначыла работнікаў? Вось чым дзеляцца беларусы:
«У нас торцік».
«У нас адна рыба жывая, і калі далі крыху больш за належнае, то трэба даплаціць».
«Тым, хто ў дэкрэце, нічога не даюць».
«А мне на адчэпіся — палку каўбасы і пару пірожных».
«Нам сказалі яшчэ ў панядзелак заехаць, забраць гародніну».
«12 кіло мукі і сертыфікат».
««Домачай» павіншаваў 3 кіло печыва».
«Пакеты становяцца ўсё сціплейшыя».
«Выдалі каўбасу, якую мы не ямо, адна толькі гаворка: падарунак жа, радуйцеся!».
«Работнікам дзіцячага садка хоць бы калі-небудзь, да любога свята, што-небудзь далі…»