7 снежня 2025, Нядзеля, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар льнозавода — новай кіраўніцы «Беллегпрама»: А чым плаціць заробак, падаткі?

17
Дырэктар льнозавода — новай кіраўніцы «Беллегпрама»: А чым плаціць заробак, падаткі?

Кіраўнік прадпрыемства паскардзіўся на адсутнасць збыту прадукцыі.

Дырэктар ААТ «Верхнядзвінскі льнозавод» Дзмітрый Неспляк прыйшоў на прыём да новай кіраўніцы канцэрна «Беллегпрам» Надзеі Лазаравіч. Ён расказаў, што не можа рэалізаваць 30 тон доўгага ільнянога валакна.

З кароткім — праблем няма: усё забіраюць Аршанскі льнокамбінат і ААТ «Гронітэкс», а доўгае не могуць прадаць другі месяц, — перадаюць словы дырэктара льнозавода «Віцебскія весці», адзначыла «Салідарнасць».

– На прадпрыемстве няма запасу трываласці. У мінулым годзе змаглі разлічыцца з даўгамі і сёння працуем, як кажуць, з колаў. Выканалі дзяржзаказ, апошнія тры гады цалкам спраўляемся з заданнямі.

Згодна з пастановай, доўгае валакно, акрамя дзяржзаказу, павінна прадавацца на біржы па экспартнай цане. Прайшло ўжо шэсць таргоў, і пакупнікоў няма. Цана нашага валакна вышэйшая за еўрапейскую. Калі няма рэалізацыі — няма і даходаў.

А чым плаціць заробак, падаткі? Аршанскі льнокамбінат згодны забраць нашу прадукцыю, але па цане, якая прынясе нам страты.

Паведамляецца, што Надзея Лазаравіч паабяцала дапамагчы прадпрыемству выйсці са складанага становішча. Пра тое, якім чынам будзе вырашаная праблема, выданне не паведамляе. Не выключана, што ўлады звернуцца да традыцыйнага спосабу — акажуць неэфектыўнаму прадпрыемству дапамогу з бюджэту.

Барацьбу за лён Лукашэнка вядзе з 2003 года. Тады па яго даручэнні Савет Міністраў зацвердзіў мерапрыемствы па развіцці льнаводства ў межах праграмы «Аб дадатковых мерах па развіцці льнаводства ў краіне на 2004 – 2006 гады».

А вось цытата кіраўніка 2013-га года: «Перакананы, што сто адсоткаў нашага ільну будуць браць на экспарт і, як кажуць у народзе, адрываць з рукамі і нагамі».

У 2017-м годзе кіраўнік патрабаваў ператварыць льнаводчую галіну ў «залатую жылу».

І вось, у 2025-м дырэктар льнозавода ходзіць на паклон да кіраўніцы «Беллегпрама», бо не можа прадаць на біржы прадукцыю, якая ў выніку аказалася даражэйшая за еўрапейскую.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках