7 снежня 2025, Нядзеля, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы стаім — і футбалісты могуць пастаяць»

2
«Мы стаім — і футбалісты могуць пастаяць»

Колькі беларусы стаяць на мяжы з Польшчай напярэдадні адкрыцця двух пунктаў прапуску?

14 лістапада ў чарзе на выезд з Беларусі колькасць аўтамабіляў паступова змяншалася, а аўтобусаў, наадварот, расла. «Белсат» паглядзеў, што пішуць беларусы ў чатах і колькі трацяць на праходжанне мяжы ў дзень, калі Польшча анансавала адкрыццё «Кузьніцы» і «Боброўнікаў» у панядзелак, 17 лістапада.

«Трэба, каб нашы яшчэ адкрылі»

У ноч на 14 лістапада ў чарзе на выезд з Беларусі стаяла 3070 легкавікоў, а на 19:00 па мінскім часе іх было ўжо 2880. Колькасць аўтобусаў, наадварот, расла — з 70 у ноч на пятніцу да сотні ўвечары.

У тэлеграм-чатах навінам пра адкрыццё Польшчай пунктаў прапуску асабліва не радуюцца, бо не давяраюць.

«Столькі граматэяў распладзілася наконт адкрыцця пераходаў. Вы ж нічога не ведаеце, дык навошта сцвярджаць, што адкроюць. Усё ў працэсе абмеркавання, трымаецца на валаску», — напісаў адзін з удзельнікаў чату.

«Галоўнае, каб адкрылі, а то можа быць піяр», — пісаў другі. «Трэба, каб нашы яшчэ адкрылі», — пагадзіліся з ім.

У астатнім сітуацыя без змен: беларусы ўсё так жа шукаюць папутнікаў і месцы ў машынах, бо наперадзе яшчэ тры дні, і многім трэба трапіць у Польшчу або вярнуцца назад у гэтыя дні.

«Апошні, хто заехаў у зону чакання, чакаў гэтага моманту сем дзён»

За суткі з ночы чацвярга з Беларусі выехала каля 420 аўтамабіляў, але абстаноўка пастаянна змяняецца, і рух да пункта прапуску хуткім не назавеш. Вадзіцелі мала дзеляцца інфармацыяй пра час праходжання абедзвюх межаў.

У Аляксандра (імя зменена) з моманту ўезду на беларускую мяжу і да выезду на тэрыторыю Польшчы ўвесь працэс заняў тры гадзіны.

«Другі канал павольна працаваў плюс адправілі на рэнтген», — пісаў мужчына, не ўдакладніўшы, колькі правёў у чарзе ў цэлым.

«Стаялі з 14-й гадзіны дня з Польшчы ў Беларусь на машыне. 1,6 км да шлагбаўма прайшлі за 12 гадзін. Заехалі ў двор, машын шмат», — пісала іншая карыстальніца.

«Колькі часу займае праходжанне мяжы з РБ у РП у апошнія дні, калі там пастаянна па 3 000 машын?» — цікавіцца яшчэ адзін удзельнік чату ў вадзіцеляў.

«Апошнім заехаўшы ў зону чакання, чакаў гэтага моманту сем дзён, а яшчэ наперадзе само праходжанне — гэта мінімум чатыры гадзіны», — адказалі яму.

«Людзі, калі ў вас ёсць магчымасць не ехаць у Польшчу, лепш не ехаць»

Чарга з аўтобусаў, якія стаяць у Брэсце, за апошнія суткі толькі расце. Рэйс Алесі (імя зменена) пад’ехаў яшчэ а 13:00 у чацвер. Жанчына вырашыла нікуды не перасаджвацца са свайго месца і ў той жа час у пятніцу яшчэ чакала: «за суткі прайшло 10 аўтобусаў», — пісала яна.

Ірына (імя зменена) таксама выязджала ў чацвер — а 17:30 села ў першы аўтобус перад шлагбаўмам. Дарога да польскага кантролю заняла каля 13 гадзін. «18:40 — заехалі да нашых. 22:10 — прайшла пашпартны (перад намі было дзевяць аўтобусаў). 6:13 — выехалі ад нашых. 7:50 — пад’ехалі да палякаў», — напісала яна, наперадзе Ірына налічыла яшчэ пяць аўтобусаў.

А 12:30 Ірына пайшла перасаджвацца да іншага вадзіцеля перад польскай мяжой, за гэта заплаціла 100 рублёў. Ужо а 12:50 прайшлі пашпартны, а праз 20 хвілін выязджалі ў Варшаву, падзялілася яна. Жанчына правяла на мяжы 15 гадзін і параіла «першапачаткова падсаджвацца ў легкавыя аўто, яны значна хутчэй рухаліся».

Рэйс яшчэ адной беларускай адправіўся з Мінска а 22-й гадзіне, каля 2-й ночы яна была на мяжы. Жанчына таксама спачатку чакала ў сваім аўтобусе, але пазней усё ж пайшла наперад, заплаціла 150 рублёў за месца ў трэцім перад уездам.

«Пакуль ішла, наперадзе налічыла каля 50 аўтобусаў, хоць на сайце стаяла 76. А 4:30 заехалі на беларускую, прайшлі літаральна за паўгадзіны. І вось з 5-й раніцы стаім на нейтральнай паласе, да моста не даехалі. Зараз 11:00 раніцы па беларускім часе, і мы не зрушыліся ні на метр», — апісвала яна сітуацыю, знаходзячыся ў дарозе ўжо дзевяць гадзін.

У Антона (імя зменена) чаканне ў першым аўтобусе на ўезд на памежны пераход у Брэсце і праходжанне кантролю занялі пяць гадзін — чакалі з 12 да 17-й.

Яшчэ адна карыстальніца чату стаяла амаль столькі ж:

«Людзі, калі ў вас ёсць магчымасць не ехаць у Польшчу, лепш не ехаць. Падсела а 21:45 у Брэсце ў першы аўтобус, дагэтуль не прайшла пашпартны кантроль. 4 гадзіны ніякага руху», — пажалілася яна каля 02:00 ў адным з чатаў. Праз гадзіну яе аўтобус прайшоў беларускую мяжу, але далей транспарт зноў спыніўся: «8:20 яшчэ не ўехала на мост», — напісала яна раніцай.

У гэты ж дзень адбыўся інцыдэнт з беларускай зборнай па футболе. Каманда затрымалася на мяжы і не паспела своечасова вылецець у Данію на кваліфікацыйны матч чэмпіянату свету ФІФА 2026. Першапачаткова маршрут будавалі праз Віленскі аэрапорт, але з-за закрыцця літоўскай мяжы давялося рабіць крук праз Брэст. У выніку Федэрацыя паскардзілася на польскіх памежнікаў.

«Дзякуючы зладжанай працы супрацоўнікаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь час праходжання беларускай мяжы склаў 1,5 гадзіны. На жаль, далей, па незразумелых прычынах, час знаходжання на нейтральнай паласе і наступнае праходжанне польскага пункту прапуску склалі больш за 12 гадзін. Пры гэтым у каманды наперадзе яшчэ дарога да Варшавы і пералёт у Капенгаген», — распавялі ў Беларускай федэрацыі футбола.

«Футбалісты таксама людзі. Мы стаім — і яны могуць пастаяць», — іранічна адрэагаваў на навіну ў адным з чатаў пра мяжу беларус.

Колькі едуць аўтобусы з Польшчы?

У бок Беларусі пасажырскія аўтобусы рухаюцца хутчэй, хоць таксама дзейнічае прынцып «як павязе». У кагосьці ўся мяжа за апошнія суткі заняла 6–7 гадзін, а хтосьці прачакаў і 10.

Аўтобус Дзяніса выехаў з Варшавы ноччу і праз восем гадзін ужо быў у Брэсце. Вольга (імёны зменены) прастаяла каля дзесяці. «А 00:40 прыехалі, у 6 прайшлі пашпартны кантроль і а 6:40 ўехалі на беларускі», — апісвала яна. Праз 40 хвілін пасажыры пайшлі на памежны кантроль. Далей праверка пашпартоў, яшчэ каля гадзіны — чаканне, пакуль сілавікі правядуць «бяседу» з некаторымі людзьмі, і каля 10-й раніцы аўтобус быў гатовы выязджаць, але давялося пачакаць яшчэ гадзіну з-за збою ў сістэме.

«Якая сітуацыя на выезд з Польшчы, ёсць чарга з аўтобусаў?», — задае тыповае для чатаў пытанне пад вечар пятніцы Валянціна.

«Можа, там увогуле аўтобусаў няма, — адказвае ёй карыстальнік з гнеўнымі эмодзі. — Усе затрымаліся на выездзе з Беларусі. «Эколайнс» на 8:00 у Мінск спачатку перанеслі на 17:00, а потым на 23:30». І гэта яшчэ адна праблема для беларусаў: пакуль ёсць вялікія чэргі, даводзіцца цярпець таксама пераносы рэйсаў і затрымкі выезду.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках