Дроны СБУ знішчылі чатыры пускавыя ўстаноўкі С-400 і два радары ў Наварасійску
10- 15.11.2025, 21:28
- 8,356
Паспяховае знішчэнне пацвярджаюць спадарожнікавыя здымкі.
Беспілотнікі ЦСО «Альфа» СБУ падчас учарашняй атакі ў Наварасійску знішчылі 4 пускавыя ўстаноўкі комплексу С-400 «Трыумф» і 2 радары
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Спадарожнікавыя здымкі пацвярджаюць, што былі паспяхова знішчаныя чатыры пускавыя ўстаноўкі зенітна-ракетнага комплексу С-400 «Трыумф». Яны размяшчаліся на тэрыторыі вайсковай часці кубанскага Чырванасцяжнага палка.


Таксама вораг не далічыўся двух важных радараў — ранняга выяўлення 96Н6 («Cheese Board») і радара цэлеўказання 92Н6 (Grave Stone).
Усяго на тэрыторыі вайсковай часці размяшчалася каля 12 адзінак пускавых устаноўкаў ЗРК С-400 «Трыумф». Ёсць высокая верагоднасць, што ў выніку атакі яны таксама атрымалі пашкоджанні.
Гэтую аперацыю СБУ правяла пры падтрымцы Сіл бяспекі і абароны, а менавіта — ГУР МА Украіны, ССА ЗСУ і Дзяржпагранслужбы.
«СБУ працягвае метадычную працу па знішчэнні сістэм СПА праціўніка, якія абараняюць важныя ваенныя, інфраструктурныя і лагістычныя аб'екты ворага. Кожная такая знішчаная сістэма — гэта дзірка ў абароне, якой дакладна скарыстаюцца ўкраінскія беспілотнікі і ракеты», — паведаміла інфармаваная крыніца.