Зяленскі даручыў паскорыць перазапуск вядучых энергакампаній Украіны
14- 15.11.2025, 18:35
- 2,610
Паралельна з фінансавай праверкай там будзе цалкам абноўлена кіраўніцтва.
Асноўныя дзяржаўныя прадпрыемствы ў сферы ўкраінскай энергетыкі будуць цалкам перазапушчаныя. Паралельна з фінансавай праверкай там будзе цалкам абноўлена кіраўніцтва.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
- Паралельна з поўнай праверкай фінансавай дзейнасці мусіць адбыцца абнаўленне кіравання ў гэтых кампаніях. Сёння разам з прэм’ер-міністрам Украіны Юліяй Свірыдэнкай і міністрам эканомікі Аляксеем Сабалёвым вызначылі парадак дзеянняў, — паведаміў прэзідэнт.
Зяленскі паведаміў, што плануецца зрабіць наступныя крокі:
- «Энергаатам»: на працягу тыдня даручана забяспечыць умовы для фарміравання новай назіральнай рады і поўнага перазапуску праўлення.
- «Укргідраэнерга»: тэрмінова будзе праведзены конкурс на новага кіраўніка кампаніі і дафармаванне назіральнай рады.
- Аператар газатранспартнай сістэмы Украіны: конкурс на пасаду генеральнага дырэктара і дафармаванне назіральнай рады.
- «Нафтагаз Украіны»: кантракты цяперашняга складу назіральнай рады заканчваюцца ў студзені 2026 года. Са студзеня павінен працаваць цалкам новы склад рады.
«У іншых буйных энергетычных дзяржаўных кампаніях павінна адбыцца абнаўленне прадстаўнікоў дзяржавы ў назіральных радах», — адзначыў Зяленскі.
Таксама прэзідэнт Украіны заявіў, што чыноўнікі атрымалі даручэнне — быць у пастаяннай камунікацыі з праваахоўнікамі і антыкарупцыйнымі органамі.
«На любую выяўленую схему ў кампаніях мусіць быць і будзе аператыўны і справядлівы адказ. Поўная празрыстасць і чысціня працэсаў у энергетыцы — гэта абсалютны прыярытэт», — рэзюмаваў украінскі прэзідэнт.