7 снежня 2025, Нядзеля, 5:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У нас з Брэста па 600 бяруць»

2
«У нас з Брэста па 600 бяруць»

Колькі каштуе перадаць пасылку або дакументы паміж Беларуссю і Польшчай?

Праз памежныя тэлеграм-чаты вырашаюцца пытанні не толькі паездак саміх людзей. Можна таксама адправіць перадачу, дакументы, знайсці трансфер для перавозкі буйных рэчаў і мэблі і нават дастаўшчыка пасылак з паштаматаў.

«Белсат» паглядзеў, як беларусы адзін аднаму дапамагаюць у цяперашніх рэаліях і колькі гэта каштуе.

«У нас з Брэста па 600 бяруць». Трансфер і пераезды

У плыні паведамленняў у тэлеграм-чатах пра мяжу перыядычна мільгаюць прапановы індывідуальных трансфераў. Не маючы сваёй машыны, можна паехаць з камфортам канкрэтным маршрутам і ўзяць з сабой не адзін-два чамаданы, а шмат рэчаў рознага памеру і аб’ёму. Але дорага.

Вось, напрыклад, перавозчык Ян (імя зменена) збірае людзей на маршрут з Познані ў Мінск праз Варшаву або ў зваротным напрамку:

«Пасажыры з дзецьмі, жывёламі. З падвойным грамадзянствам. Сустрэну ў аэрапорце, на вакзале. Пераезды, пасылкі, дакументы, веласіпеды. Адправлю пасылкі з РБ і РФ па ўсёй Польшчы, з Польшчы адправлю пасылкі па РБ, РФ праз СДЭК», — гаворыцца ў паведамленні.

Журналістка звязалася з вадзіцелем як жанчына, якая шукае трансфер для паездкі сям’ёй, і спытала, колькі будзе каштаваць замовіць машыну да Варшавы і ці ёсць месцы да канца тыдня або на наступным.

«Вызвалюся прыкладна 5 снежня. Да гэтага ўвесь час распісаны», — адказаў ён патэнцыйнай пасажырцы вечарам 13 лістапада.

Трансфер — настолькі папулярная паслуга, што браніраванне амаль на месяц наперад?

«Вы зразумейце правільна, навошта мне хваліцца? Гэта чыстая праўда. З Варшавы і з Польшчы ўвесь час перад паездкай шукаю [людзей]… А туды пакуль па браніраванні. А калі сям’я, з жывёламі, на самалёт — шмат розных варыянтаў. Варшава — Мінск будзе каштаваць 500 еўра, вязу толькі вас — гэта па электроннай чарзе. Па прыярытэце — яшчэ даражэй, — чэргі касмічныя туды і назад», — тлумачыць суразмоўца.

Іншы вадзіцель на маршруце Мінск — Варшава — Гданьск назваў такія цэны: 550 і 750 еўра адпаведна за двух пасажыраў і тры чамаданы. Калі людзей будзе больш, цану можна падзяліць прапарцыйна на ўсіх. Але ўдаецца і таргавацца.

«470 еўра да Варшавы. Будзе яшчэ, магчыма, 1–2 пасажыры. Калі так падыходзіць, то калі ласка. Чаргі цяпер вялікія, таму трэба аўто ўжо браніраваць», — прапанаваў суразмоўца.

Ёсць прапановы і іншых паслуг перавозак: «Адвезу на таксі куды трэба з Брэста. Аб цане дамовімся», — піша ў чаце Максім (імя зменена). Яшчэ адзін вадзіцель, Кірыл, прапануе трансфер з Брэста да Гродна або Мінска, «нядорага».

Калі спыталі, колькі каштуе даехаць з Мінска да Брэста або наадварот, хлопец называе стаўку 450 рублёў.

«Можа, хтосьці яшчэ ў гэты момант адклікнецца, тады вам меней плаціць будзе. Калі трое, дзелім на траіх — па 150. На чатырох — па 115. А так у нас з Брэста па 600 бяруць», — распавядае Кірыл і тлумачыць, чаму яго цэннік яшчэ лічыцца нізкім.

Многа гэта ці мала? Пакуль перапісваліся з рознымі вадзіцелямі і пыталіся пра ўмовы, заўважылі паведамленне дзяўчыны, якая шукае два месцы на падсадку ў машыну з Тэрэспаля ў Брэст «за адэкватныя грошы». Па яе словах, гэта менш за 20 долараў.

«Я вадзіцель і шчыра спачуваю ідыёту, які павязе вас менш чым за 30 еўра», — піша ёй мужчына ў агульным чаце.

«Калі вадзіцелі мэтанакіравана едуць, проста каб адвезці людзей, то так, 30 еўра пойдзе. Але ёсць людзі, якія едуць для сваіх мэтаў і спакойна бяруць па 10—15 долараў. І ўсе шукаюць такіх, бо пераплачваць — па-дурному», — запярэчыла дзяўчына.

Але той з гэтай пазіцыяй не пагадзіўся і адказаў, што лепш паедзе без пасажыраў, чым за такія грошы.

«Усе прывыклі, што іх за 10 еўра брэсцкія гатовыя ледзь не на руках везці да Тэрэспаля. Я вам больш скажу, па 100 еўра ўзяў людзей сёння да Беластока».

«30 еўра — нармальны прайс. 100 — ужо перабор, як па мне, але і 10 нібыта кіроўцу нават сорамна даваць. Нават калі па сваіх справах ехаць, то за 10 еўра везці — гэта жах», — каментуе перапіску ў чаце Кірыл, з якім журналісты абмяркоўвалі дарогу з Брэста да Мінска за «нядорага».

Колькі каштуе перадаць пасылку або дакументы?

Калі шукаеш чалавека, які перадасць пасылку, звычайна просяць адразу паведаміць, што менавіта будзе ўнутры, які памер і вага. Хтосьці просіць прыслаць фота і ўпакоўваць рэчы так, каб вадзіцель мог адкрыць, праверыць змесціва і пераканацца, што не паклалі нешта небяспечнае. Многія з вадзіцеляў пытаюцца таксама, якія менавіта дакументы трэба прывезці. А што наконт цэн?

Ёсць аб’ява «экспрэс-дастаўка 7 дзён на тыдзень» з Мінска ў Варшаву і ў зваротны бок. За некалькі лістоў фармату А4 перавозчык просіць 100 злотых (каля 24 еўра). Тут таксама паспрабавалі таргавацца: «Так дорага за чатыры паперкі, якія паляжаць у вас у машыне?» Але пытанне застаецца без адказу: карыстальнік выдаліў перапіску і больш не адказаў.

Але ёсць цэннікі і больш высокія. Праз чарговае паведамленне «вазму перадачы» журналісты трапілі ў групу «Пасылкі дадому». У апісанні пазначана, што можна перадаваць рэчы на рэйсы паміж Украінай, Еўропай, Беларуссю, а таксама часова акупаванымі абласцямі Украіны. Пры абмеркаванні расцэнак просяць прыслаць пералік дакументаў, якія трэба перадаць: «Адзін дакумент — адна цана, [іншы] — іншыя цэны». Пазней вадзіцель прыслаў прайс, і вось ужо аказваецца, што за тоненькую папку з дакументамі з Мінска ў Варшаву давядзецца заплаціць 80 долараў.

Падобная сітуацыя з яшчэ адным вадзіцелем, які таксама ездзіць паміж Украінай, Беларуссю, Расіяй і ЕС. У яго спыталі, колькі будзе каштаваць перадаць рэчы, дзіцячае адзенне і пачастункі, вага — каля 4 кг.

«Перадачы такога фармату да 10 кг з Варшавы ў Мінск — 40 долараў». За тыя ж няшматлікія дакументы, нягледзячы на зусім іншую вагу, просяць такую ж суму: «Гэта ўсё адно пасылка да 10 кг, — з усмешкай адказвае суразмоўца і дадае: — Маршрут Варшава — Мінск не зусім наш фармат, вам лепш пашукаць чалавека на сваёй машыне».

«Будзеце ведаць, што вашы рэчы дакладна давязуць»

Тыя, хто едзе на асабістым аўто па сваіх справах і бярэ пападарожнікаў, сапраўды за перадачу просяць значна менш. Журналісты напісалі некалькімі беларусам, якія ў бліжэйшыя дні збіраліся ехаць у польскія гарады або ў зваротным напрамку.

Адзін з вадзіцеляў без лішніх пытанняў згаджаецца забраць дакументы за 10 долараў, калі іх падвезуць, а пасля хтосьці забярэ на месцы і яму не трэба будзе завозіць на канкрэтны адрас. Ён жа пасылку вагой 3,5 кг гатовы забраць за 30 долараў.

Іншы адказвае, што перадачу з Брэста ў Варшаву возьме за 20 еўра. У суразмоўцы пацікавіліся, якія ў прынцыпе расцэнкі.

«Для параўнання вам: праз паштамат пераслаць у Тэрэспаль — 10 долараў. Цяпер палічыце, колькі будзе да Варшавы, — прапануе такую «матэматыку» мужчына. — Калі хочаце з рук у рукі перадаць, могуць даражэй браць. Але гэта ж вы самі будзеце перадаваць, запішаце нумар тэлефона чалавека, убачыце машыну, можаце сфатаграфаваць нумары. Невядома, якім прыйдзе пакет праз паштамат. А тут будзеце ведаць, што вашы рэчы дакладна давязуць, з імі ўсё будзе ў парадку».

Калі ёсць час і вы гатовыя шукаць даўжэй, можна знайсці чалавека, які папросіць меншую суму. «Калі ўсё б/у, без біркаў і ўпакоўкі, за 15 долараў магу правезці», — адказаў яшчэ адзін беларус на пытанне пра тую ж пасылку на 3,5 кг.

Забяруць з паштаматаў, але можа быць дорага

Ёсць на «рынку» перадач і іншая паслуга — некаторыя людзі гатовыя забіраць пасылкі з паштаматаў у Польшчы або, наадварот, з Беларусі. Знайшлі аб’яву, дзе прапануюць дастаўку з Тэрэспаля ў Брэст (можна і ў зваротным напрамку). Перадачы могуць быць як разавыя, так і пастаянныя. Колькі за гэта трэба плаціць?

«Усё залежыць ад кошту тавару і вагі, — адказвае патэнцыйнай кліентцы Ягор (імя зменена) і дзеліцца прайсам на свае паслугі: — Калі танны і цяжкі, то цана за вагу: 4 долары або еўра за 1 кг. Пры кошце тавару, які вы заказалі, 100 еўра або долараў, кошт трансферу праз мяжу звычайна 20 долараў. Ну і калі тавар дарагі, але лёгкі, тады ўжо нейкі працэнт ад кошту».

Гэта, тлумачыць Ягор, з Тэрэспаля ў Брэст. Калі трэба ў іншы горад, ён прапануе перадачу маршруткай або адпраўку праз пошту. У такім выпадку кліенту давядзецца заплаціць яшчэ і за гэтую частку «дарогі» яго замовы.

Перавозіць рэчы можа быць выгадна

Потым журналісты вярнуліся да вадзіцеля Яна з пытаннем пра пераезд з кватэры на кватэру ў іншую краіну. Як кліенты спыталі ўсё пра той жа маршрут Мінск — Варшава. Мужчына распавядае, што на кошт уплывае шмат фактараў, але можна ўкласціся ў 700—800 еўра.

«Усё трэба лічыць: перавозіць у арэндную кватэру ці ў сваю, толькі мэблю ці больш рэчаў. Усе рэчы будуць абмяраць: трэба ведаць аб’ёмы. Калі людзі бяруць усё па мінімуме плюс дробную бытавую тэхніку, можна ўкласціся і ў 600 еўра, — кажа вадзіцель і тлумачыць, чаму кошт амаль не адрозніваецца ад звычайнага трансферу. — Асноўнае там — пагрузка і выгрузка рэчаў. Тут ужо залежыць ад перавозчыка, але для мяне гэта асаблівай праблемы не складае, таму некаторыя лупяць цэны, а я падыходжу па-людску. Ну і чэргі ўплываюць. Будуць адкрывацца памежныя пераходы ў Польшчу і Літву — будуць зніжацца цэны, і ў першую чаргу на трансферы».

Нагадаем, Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі пацвердзіў, што 17 лістапада а 2:00 па беларускім часе (00:00 па польскім) будуць адкрыты пункты пропуску «Кузніца Беластоцкая» і «Баброўнікі», пра што Польшча афіцыйна паведаміла беларускаму боку.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках