У Літве затрымалі аператара дрона, які лятаў паблізу аэрапорта Вільнюса
8- 16.11.2025, 12:15
- 14,708
Падчас інцыдэнту рэйсы не адмянялі.
У Літве затрымалі мужчыну, які, паводле дадзеных літоўскай спецслужбы, запусціў беспілотнік паблізу аэрапорта Вільнюса.
Пра гэта паведамляе Служба грамадскай бяспекі Літвы.
Паводле інфармацыі спецслужбы, а 12:00 15 лістапада сістэма зафіксавала ўзлёт дрона ў забароненай для палётаў зоне ў раёне Салінінкай.
І хоць неўзабаве беспілотнік знік з поля зроку сістэмы, ужо а 12:07 спецслужба затрымала меркаванага аператара. Яго перадалі ваеннай паліцыі. Праваахоўнікі пачалі адміністрацыйны працэс.
Цяпер затрыманаму пагражае штраф у памеры 400–800 еўра. Паводле слоў мужчыны, ён не ведаў, што ў гэтым месцы нельга было запускаць дрон.
Адзначаецца, што падчас інцыдэнту рэйсы не адмянялі.