Прэзідэнт Фінляндыі назваў тры галоўныя пытанні на шляху да спынення агню ва Украіне
2- 16.11.2025, 12:37
- 3,302
Фота: Photothek/Getty Images
Мэты Пуціна не змяніліся.
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб заявіў, што дасягнуць спынення агню ва Украіне да вясны наўрад ці ўдасца, і еўрапейскія саюзнікі павінны працягваць аказваць падтрымку Украіне, нягледзячы на карупцыйны скандал.
«Я не вельмі аптымістычна настроены адносна дасягнення перамір'я або пачатку мірных перамоваў, прынамсі ў гэтым годзе», — заявіў Стуб у інтэрв'ю Associated Press.
Палітык адзначыў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі павінен «хутка разабрацца з абвінавачаннямі ў хабарніцтве і раскраданні сродкаў», бо гэты скандал гуляе на руку Расіі. Аднак ён заклікаў еўрапейскіх лідараў разгледзець магчымасць павелічэння фінансавай і ваеннай падтрымкі Кіева на фоне прасоўвання Расіі на полі бою.
Паводле Стуба, тры галоўныя пытанні на шляху да спынення агню — гэта гарантыі бяспекі для Украіны, аднаўленне яе эканомікі і дасягненне пэўнай згоды адносна тэрытарыяльных прэтэнзій.
Таксама фінскі прэзідэнт падкрэсліў, што амерыканскі лідар Дональд Трамп і еўрапейскія лідары павінны максімальна ўзмацніць ціск на Расію і расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.
«Пуцін у асноўным хоча адмаўляць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, і гэтыя мэты не змяніліся з пачатку вайны амаль чатыры гады таму», — падкрэсліў прэзідэнт Фінляндыі.