ЗСУ паразілі Навакуйбышаўскі НПЗ і базу дронаў «Рубікон»
1- 16.11.2025, 13:28
- 3,350
Украінскі Генштаб раскрыў падрабязнасці.
Сілы абароны Украіны нанеслі шэраг удараў па стратэгічных аб'ектах расійскай ваеннай інфраструктуры, істотна зніжаючы наступальны патэнцыяал акупацыйных войскаў.
Пра гэта паведамляе Генштаб ЗСУ.
Паводле звестак Генштаба, украінскія падраздзяленні паразілі магутнасці Навакуйбышаўскага нафтаапрацоўчага завода ў Самарскай вобласці РФ. Гэта адзін з найбуйнейшых расійскіх НПЗ з гадавым аб'ёмам перапрацоўкі амаль 9 млн тон нафты.
Прадпрыемства выпускае больш за 20 відаў прадукцыі і забяспечвае гаручым, у тым ліку рэактыўнага тыпу, расійскую армію. У раёне мэты зафіксаваныя выбухі і пажар, маштабы пашкоджанняў удакладняюцца.
Акрамя таго, украінскія сілы знішчылі базу захоўвання беспілотнікаў падраздзялення «Рубікон» і перакачвальную станцыю гаруча-змазачных матэрыялаў на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці.
Генштаб таксама ўдакладніў наступствы папярэдняга ўдару па Разанскім НПЗ. Пашкоджаны ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты ЭЛОУ-АВТ-4 і ЭЛОУ-АВТ-6, рэзервуары з нафтапрадуктамі і трубаправодная эстакада.
«Сілы абароны і надалей будуць прымаць меры для падрыву наступальнага патэнцыялу расійскіх захопнікаў і прымусіць Расійскую Федэрацыю спыніць узброеную агрэсію супраць Украіны», — адзначаюць у Генштабе.