Польскі генерал: Дыверсій ад беларускіх і расійскіх спецслужбаў стане больш
- 16.11.2025, 13:32
- 7,446
У Польшчу пранікла шмат агентаў.
Сабатаж і дыверсіі з боку беларускіх і расійскіх спецслужбаў у Польшчы будуць пашырацца. Такое меркаванне ў размове з Gazeta Wyborcza выказаў генерал Павал Беляўны.
«Расійская армія мае праблемы, ужо больш за тры гады не можа перамагчы ў вайне. Але іх спецслужбы ніколі не апускаліся ніжэй пэўнага ўзроўню і вельмі эфектыўныя. Яны маюць інстытуцыйную памяць, яны вельмі добра ведаюць нашу тэрыторыю і нас. Мы знаходзімся пад прыцэлам расійскіх службаў амаль у кожнай сферы», — кажа Беляўны.
Паводле генерала, грошы, якія трацяцца на армію, павінны таксама накіроўвацца на ўнутраную бяспеку краіны і службы, адказныя за бяспеку грамадзян:
«У Польшчу пранікла столькі людзей, якія ніколі не павінны былі ўехаць або, прынамсі, павінны былі знаходзіцца пад наглядам. Наступствы нядбайнасці або некампетэнтнасці службаў мы яшчэ доўга будзем адчуваць. Расіяне рыхтаваліся не толькі да нападу на Украіну, але і да выкарыстання нашай непадрыхтаванасці. Наша мяжа і домы былі адкрытыя для ўсіх, у тым ліку для расійскіх шпіёнаў».
Нядаўна ў Польшчы была затрыманая шлюбная пара, якая атрымала прытулак з-за сваёй нібыта апазіцыйнай дзейнасці ў Расіі.