7 снежня 2025, Нядзеля, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

І так пойдзе

4
І так пойдзе

Бо аналагаў няма.

У самалёта «Сухой Суперджэт», які ляцеў маршрутам Уладзівасток-Благавешчанск, напярэдадні адарвала абшыўку з правага рухавіка. І ён тэрмінова сеў у Хабараўску з 90 пасажырамі на борце. Суперджэты — апошні піск мядзведзеўскай мадэрнізацыі, калі Расія імкнулася даказаць, што мае грамадзянскія тэхналогіі і гатовая іх развіваць у супрацоўніцтве са светам.

У адрозненне ад імпартазамяшчальных МС-21, «Суперджэты» сапраўды лётаюць, толькі вось авіякампаніі стараюцца ад іх пазбавіцца і адпраўляюць на маршруты падалей, каб з вачэй прэч.

Разгерметызацыя рухавіка — даволі трывожная з’ява, якая паказвае, што самалёты як след не абслугоўваюцца, а іх паломкі маюць непрадказальны характар.

Паралельна на аўтасалоне ў Маскве АўтаВАЗ паказаў «Ладу Ніву Спорт» за 1,7 млн расійскіх рублёў, або больш за $20 тысяч, у якой з завода былі іржавыя кузаўныя дэталі, а дзверы не закрываліся з першага разу.

АўтаВАЗ сёння змагаецца з УАЗам за званне аўтавытворцы «і так пойдзе». Пры адсутнасці канкурэнцыі і пры закрыцці заводаў па зборцы міжнародных брэндаў у РФ, гнілыя «Нівы» — гэта тое, што можна спакойна прадаваць расійскім грамадзянам. Бо аналагаў няма.

Эксперымент па карпусаванні працэсараў «Байкал М» у горадзе Гусеў (Гумбінен) Калінінградскай вобласці быў прызнаны паспяховым, але пры гэтым спынены. З-за санкцый «айчынны працэсар» «Байкал М» больш не можа вырабляцца на магутнасцях тайваньскай TSMC, таму ў межах імпартазамяшчэння яго тры гады спрабавалі рабіць на тэрыторыі РФ.

Вытворца рапартуе, што платы атрымліваюцца выдатныя, працэнт браку не больш за 20-30%, але пры гэтым вытворчасць закрыта, а калектыў скарочаны.

Гэта разнавіднасць вядомага тэзісу «але няма сыравіны і кадраў», прычым пад карпусаваннем разумеецца не выраб мікрапрацэсараў, а пасадка паўправаднікоў на падкладку, герметызацыя і падвядзенне электрычнасці — адносна прымітыўная задача, але і тут без Тайваня ніяк.

Сваячніца Пуціна Ганна Цівілева на пасадзе намесніцы міністра абароны некалькі месяцаў таму заявіла, што Расія стала сусветным лідарам у вытворчасці пратэзаў на тле СВА. На практыцы ж ідзе гаворка пра пераклейванне шыльдаў для нямецкіх, ісландскіх і японскіх вытворцаў пратэзаў.

Тым часам па МІРЭА (Расійскім тэхналагічным універсітэце) ходзіць робат у камуфляжы, з сімволікай СВА і з муляжам Калашнікава на корпусе, які прызваны агітаваць студэнтаў удзельнічаць у вайсковай падрыхтоўцы. Робат сабраны, магчыма, з кітайскіх камплектуючых, але гэта не так важна, бо ён, у адрозненне ад «першага андроіда, распрацаванага ў Расіі», які на гэтым тыдні стаў зоркай інтэрнэту, хаця б не падае.

Гэта былі навіны расійскай тэхнікі.

Кірыл Мартынаў, «Тэлеграм»

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках