У Расіі пачаліся перабоі з правадным інтэрнэтам
13- 16.11.2025, 17:19
- 4,632
Праблемы пачаліся 15 лістапада.
Жыхары больш як дзесяці рэгіёнаў Расіі паскардзіліся на непрацуючы правадны інтэрнэт ад «Ростэлекома». Праблемы пачаліся 15 лістапада, пра што сведчаць даныя Downdetector, Сбой.рф і паведамленні карыстальнікаў на афіцыйнай старонцы кампаніі ва «УКантакце». Тады інтэрнэт знік у Уладзімірскай, Іваноўскай, Кастрамской і Яраслаўскай абласцях.
У апошнім рэгіёне быў пашкоджаны магістральны канал, і менавіта гэта стала прычынай маштабнага збою, паведамілі ў «Ростэлекаме». У кампаніі ўдакладнілі, што аварыя адбылася «па віне трэціх асоб». Акрамя таго, інтэрнэт знік у Мурманскай вобласці, Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе і часткова — у Краснадарскім краі. Пры гэтым у абанентаў працавалі сайты з «белага спісу» Мінліч, піша Sota.
Уначы і раніцай 16 лістапада на праблемы з інтэрнэтам ад «Ростэлекама» таксама скардзіліся карыстальнікі ў Марый Эл, Удмуртыі, Амурскай, Белгарадскай, Курскай, Ніжагародскай, Пскоўскай, Самарскай і Чалябінскай абласцях.
Характар збою сведчыць пра тое, што гэта быў не проста абрыў кабеля, піша Digital Report. «Падобная выбарачнасць доступу — з захаваннем „белага спісу“ — з’яўляецца адным са сцэнарыяў, прадугледжаных законам аб „суверэнным Рунэце“. Пакуль не ясна, ці быў збой вынікам няўдалых вучэнняў па „ізаляцыі“ сеткі, цэнтралізаванай каманды на фільтрацыю або ж маштабнай паломкі абсталявання ТСПУ (тэхнічных сродкаў супрацьдзеяння пагрозам)», — адзначае выданне.
Збоі праваднога інтэрнэту пачаліся пасля таго, як прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правёў аператыўную нараду з удзельнікамі Савета бяспекі аб «супрацьдзеянні правапарушэнням, якія здзяйсняюцца з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій». Падрабязнасцяў гэтай сустрэчы Крэмль не прывёў. Дакладчыкам выступаў міністр унутраных спраў Уладзімір Калакольцаў.
Ненадоўга да гэтага прэм’ер РФ Міхаіл Мішусцін падпісаў пастанову аб «правілах цэнтралізаванага кіравання сеткай сувязі агульнага карыстання». У выніку Раскамнагляд атрымаў права адключаць Рунэт ад сусветнага інтэрнэту і блакаваць любыя сайты пры ўзнікненні «пагроз устойлівасці, бяспекі і цэласнасці» функцыянавання інтэрнэту ў краіне. Рэгламент рэагавання будзе ўзгадняцца з Мінліч і ФСБ.