ЗСУ ўзялі ў палон дваіх расійскіх акупантаў і захапілі рэдкі трафей
3- 17.11.2025, 8:53
- 7,440
Зліквідавана 15 расіян.
Абаронцы Украіны з 59-й асобнай штурмавой брыгады беспілотных сістэм знішчылі варожую штурмавую групу ў Новапаўлаўцы, Днепрапятроўскай вобласці. Двое расіян здаліся ў палон, паведамляе прэс-служба вайскоўцаў у «Фэйсбуку».
У паведамленні адзначаецца, што ў межах аперацыі было зліквідавана 15 расійскіх вайскоўцаў, яшчэ двое здаліся ў палон ЗСУ. Адметна, што расійскія войскі вырашылі штурмаваць пасёлак на пераабсталяванай БМП-1КШ.
Паводле слоў украінскіх вайскоўцаў, гэта машына не мае ўзбраення, яе вежа нерухомая. У той жа час яна абсталяваная тэлескапічнай антэнай, радыёстанцыямі, навігацыйнымі прыладамі, прыборамі хімічнай і радыяцыйнай разведкі і аўтаномным бензінавым электрагенератарам.
Як адзначае партал «Мілітарны», з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Расія страціла толькі 14 такіх машын: 9 былі знішчаныя, яшчэ 5 — захопленыя ўкраінскімі сіламі.
Расійскія акупанты ўжо не ўпершыню выкарыстоўваюць падчас штурмаў украінскіх пазіцый падобныя машыны. У прыватнасці, нядаўна пад Пакроўскам вораг страціў дзве разведвальныя ПРП-4.