Мазырскі змагар з карупцыяй папаўся на хабару
5- 17.11.2025, 12:00
- 5,776
Чыноўнік браў грошы за заключэнне дамоваў.
У Гомельскім абласным судзе па артыкуле аб атрыманні хабару асудзілі начальніка аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці і збыту прадпрыемства «Мазырсоль» Уладзіслава Трухановіча, піша выданне «Флагшток». На прадпрыемстве ён уваходзіў у склад антыкарупцыйнай камісіі.
Згодна з матэрыяламі справы, Трухановіч з красавіка 2021 года па красавік 2025 года «прыняў для сябе ад абвінавачанай Ф., генеральнага дырэктара ТАА «БПК», у якасці хабару грашовыя сродкі на агульную суму не менш як 1 090 000 расійскіх рублёў і 3 500 долараў ЗША». Грошы, як сцвярджаецца, былі перададзеныя за гарантыю заключэння з ТАА «БПК» дамоваў на пастаўку прадукцыі ААТ «Мазырсоль» і належнае выкананне дагаворных абавязацельстваў.
Гендырэктар ТАА «БПК» поўнасцю прызнала віну, Трухановіч не аспрэчваў сам факт атрымання грошай, але аспрэчваў памер сумы і прычыну, з якой былі перададзеныя грошы.
У выніку менеджара «Мазырсолі» прыгаварылі да 7 гадоў калоніі, гендырэктара ТАА «БПК» — да 5 гадоў. Абодвум у межах амністыі тэрмін скарацілі на 1 год.