Мінскі планетарый зачынілі на рамонт
3- 17.11.2025, 13:18
- 1,086
У ім з’явіцца новы паваротны зорны купал.
Калі вы планавалі ўладкаваць рамантычнае спатканне або паказаць дзеткам зорны свет у знакамітым Мінскім планетарыі, давядзецца пачакаць. Вайбавае месца для аматараў незвычайнага дазвілля зачынілі на рамонт. Абнавіць дамок цыліндрычнай формы абяцаюць хутка. Падрабязнасці паведамляе тэлеграм-канал «Минскстрой».
Будынак абсерваторыі Мінскага планетарыя ў парку Горкага даволі стары — пабудаваны ў 1967 годзе. Ягоная вышыня — 12 метраў, дыяметр — 5,5 метра. На верхні ўзровень, дзе знаходзіўся ўнікальны тэлескоп фірмы Carl Zeiss 1950/130, вядзе вітая лесвіца.
Мадэрнізацыяй аб’екта займаюцца будаўнікі трэста №35 (генпадрадчык СУ-199).
На пачатковым этапе будаўнікі будуць дэмантаваць усё састарэлае і аджыўшае. На час рамонту нават пераехаў тэлескоп, засталася толькі станіна ад яго. Канструкцыі будынка адновяць, змантуюць новыя вітражныя сістэмы, пракладуць сеткі электразабеспячэння, выканаюць аздабленне і добраўпарадкаванне.
Што новенькага пабачаць мінчукі пасля завяршэння рэканструкцыі? У будынка з’явіцца новы купал з паваротам на 360° са спецыяльнымі створкамі. Кожная калона будзе з падсветкай.
Адкрыць абноўлены зорны дамок абяцаюць ужо праз тры месяцы.