«Заробак у тры разы вышэйшы, чым дома»
7- 17.11.2025, 14:11
- 4,664
Беларус распавёў пра працу на АЭС у Егіпце.
Два з паловай гады Віталь Кавега з Магілёва працаваў у Егіпце на будаўніцтве першай у краіне атамнай электрастанцыі. Пра тое, якое гэта — працаваць там, дзе беларусы звычайна адпачываюць, — ён распавёў MYFIN.
За паўгода сума за ваду была 13 рублёў — на траіх жыхароў
Віталю 32 гады. Пасля заканчэння беларуска-расійскага ўніверсітэта ён па размеркаванні папрацаваў на Беларускай АЭС, потым — на будоўлі ў Мінску. У пачатку 2022-га ўладкаваўся інжынерам у беларускі філіял расійскай кампаніі «НІКІМТ-Атомстрой», а праз паўгода кіраўніцтва прапанавала папрацаваць у Егіпце.
Забраўшы ў Магілёве ўсе неабходныя дакументы, Віталь з двума калегамі паехаў на будаўніцтва АЭС у Курчатаў на 5 тыдняў, пакуль доўжылася спецправерка для кандыдатаў на працу ў Егіпет.
— З Мінска да Каіра ляцелі з перасадкай у Маскве. Прыляталі невялікай групай, таму за намі адправілі легкавую машыну. Цяпер арганізацыя ўжо здымае чартар, раз на дзве тыдні лятаюць сто-дзвесце чалавек у аэрапорт за гадзіну язды ад гарадка.
Да Мадыны, дзе знаходзіўся будаўнічы гарадок, ехалі 5 гадзін.
Авіябілеты нам аплачвалі: двойчы на год кампенсавалі пералёт туды і назад.
Бясплатна прадастаўлялі жыллё і трохразовае харчаванне ў працоўныя дні. Плаціць самастойна трэба было толькі за электрычнасць і за ваду. Сума за паўгода за ваду складала ў пераліку на беларускія 13 рублёў — гэта на ўсіх жыхароў. За месяц за электрычнасць плацілі каля 43 рублёў.
Гатаваў сам толькі ў выхадныя
Пасялілі траіх беларусаў у кватэры з трыма спальнямі. У кватэры было ўсё новае, нават посуд і кухоннае начынне. Гатаваць сабе самастойна даводзілася толькі ў выхадныя. Па адчуваннях Віталя, кватэра спачатку будавалася для сям’і з дзецьмі, бо пакоі былі рознага памеру — у самым маленькім змяшчаліся толькі ложак, столік і шафа.
— Працоўны дзень доўжыўся з 8.00 да 17.00. Абед з 12.00 да 13.00.
На абед нам прывозілі суп, ялавічыну або курыцу з гарнірам, якую-небудзь гародніну і садавіну.

Раніцай на сняданак часта была булачка або круассан. За 2,5 года мне гэтая ежа не надакучыла, тым больш што некалькі разоў змянялася кампанія, у якой замаўлялі харчаванне. Ежу прывозілі проста ў кантэйнерах і пакідалі ў каменданта; кожны прыходзіў і пад подпіс забіраў свой набор. Сняданак можна было забраць з 5.00 да 7.00, абед — з 12.00 да 14.00, вячэру — з 18.00 да 20.00.
Пры арганізацыі былі медпункт і ўрачы, пры неабходнасці хворага адразу дастаўлялі ў бліжэйшы шпіталь. Вілю медыцынскімі паслугамі карыстацца не давялося, бо ні разу не хварэў. Але некаторыя яго калегі лячылі зубы — гэта было бясплатна.
Паездкі за межы гарадка ўзгаднялі са службай бяспекі
Атамная электрастанцыя будуецца ў пустыні, побач — горад Эль-Дабаа на 15 тысяч насельніцтва. Да працы вазіў аўтобус, ад будаўнічага гарадка ехалі 15 хвілін.
— Мы жылі ў тым рэгіёне, дзе зямля першапачаткова належала бедуінам. Мясцовыя пратэставалі супраць будаўніцтва атамнай станцыі, таму паўсюль работнікаў ахоўвае армія.
— Законы строгія. Спачатку дзяўчаты ездзілі на пляж у купальніках, мясцовыя выказвалі незадавальненне. Бо егіпцянкі купаюцца ў купальніках, дзе цела закрыта цалкам.
На мора я ездзіў раз на тыдзень.
Пляж платны, Віталь аддаваў па 200 фунтаў, гэта 14 рублёў. У кошт уваходзіць лежак, крэселца, парасон. На тэрыторыі ёсць кафэ, можна нешта купіць перакусіць.
Мора з абсталяваным пляжам (а купанне дазволена толькі на абсталяваных) знаходзілася ў паўгадзіне язды ад гарадка, ездзілі на таксі. Паводле правілаў, калі хацелі выехаць за межы гарадка, трэба было пісаць службовую запіску і ўзгадняць паездку са службай бяспекі. Гэта датычылася ўсіх паездак, у тым ліку і на мора. Без узгаднення можна было ездзіць толькі ў краму.

«За адзін паход у краму аддаваў прыблізна 100 рублёў»
Па выхадных аўтобус вазіў закупляцца ў краму. Віталь ездзіў раз на адзін-два тыдні.
— Снэкі, напрыклад чыпсы Lay’s, каштавалі ў чатыры разы ніжэй, чым у нас. Такая ж сітуацыя з шакаладкамі. Я звычайна купляў рыбу, арэхі, садавіну, шакалад. Цэны назаву ў пераліку на беларускія рублі. Кілаграм крэветак — 30 рублёў, ласось — 45 рублёў. Садавіна была не вельмі якасная, але ўдвая таннейшая, чым у нас. За адзін паход у краму аддаваў прыкладна 100 рублёў.
Час ад часу магілёвец ездзіў па пакупкі на рынак у Эль-Дабаа. Цэны, адзначае ён, прадаўцы бяруць з галавы, цэннікаў нідзе няма.
— Купляў кожны раз бананы ў аднаго і таго ж чалавека. Першы раз на 20 фунтаў, гэта нашы паўтара рубля, ён паклаў некалькі кісцяў бананаў — 16 штук. Наступны раз я даў ужо 10 фунтаў — атрымаў удвая менш. На трэці раз на тую ж суму чамусьці атрымалася ўсяго толькі тры бананы.
Першапачаткова, распавядае Віталь, на будаўніцтве АЭС працавала 2000 чалавек, цяпер ужо 12 тысяч. З іх 3000 — славяне і казахі, астатнія — егіпцяне. Дамоў у гарадку цяпер не хапае, таму работнікаў размяшчаюць у турыстычных лакацыях, здымаюць кватэры ў гатэльных аб’ектах. Камусьці шанцуе жыць проста на беразе мора побач з працай, а камусьці трэба дабірацца да працы аўтобусам 40–50 хвілін.
Кожны год павышалі зарплату
На пачатковым этапе зарплата магілёўца была ў тры разы вышэйшая, чым ён зарабляў у Беларусі на той жа пасадзе. Потым розніца яшчэ павялічылася, бо праз год зарплату паднялі, яшчэ праз год — зноў.
— Ніякіх фінансавых мэтаў я сабе не ставіў, хацелася проста адцягнуцца і не думаць ні пра якія бытавыя рэчы, бо табе даюць жыллё, кормяць. Праца не была цяжкай. Спачатку ўладкаваўся інжынерам па зварцы, звальняўся з пасады вядучага інжынера.
У гарадку хапала забаў: трэнажорная зала, басейн, бібліятэка, міні-футбольнае поле, пазней з’явіліся тэнісны корт і спартыўная пляцоўка. Можна было хадзіць на заняткі англійскай, арабскай, вакалам і танцамі, ладзілі спартакіяды.
За час працы Віталь з’ездзіў у Александрыю і Каір, падарожнічаў на Сінайскі паўвостраў. Па яго словах, спачатку думаў адпрацаваць два гады, але затрымаўся трошкі даўжэй. Суттэвым мінусам жыцця ў Егіпце ён называе аднастайнасць. Ці вернецца туды яшчэ на працу, ён пакуль не вырашыў. Пакуль у планах — знайсці працу на радзіме.