У Румыніі эвакуюць дзве вёскі пасля ўдару па порце ва Украіне
1- 17.11.2025, 20:39
- 2,634
Рашэнне прынялі з-за рызыкі выбуху турэцкага газавоза, на якім узнік пажар пасля атакі расійскіх беспілотнікаў.
Пасля начнога расійскага ўдару па турэцкім судне «Орында» са звадкаваным газам у порце Ізмаіл (Адэская вобласць) праводзіцца эвакуацыя жыхароў двух румынскіх населеных пунктаў, што мяжуюць з Украінай. Пра гэта ў панядзелак, 17 лістапада, паведамляе агенцтва Associated Press.
Удар быў нанесены падчас разгрузкі газу. Пасля атакі на судне ўзнік пажар, але ўсе 16 членаў экіпажа своечасова эвакуяваліся, ніхто не пацярпеў. Аднак, паводле даных уладаў Румыніі, захоўваецца рызыка выбуху судна. «Разлік паказаў, што (пры магчымым выбуху. — Рэд.) радыус паразы складзе каля 4,5–5 км», — заявіў кіраўнік Румынскага Дэпартамента па надзвычайных сітуацыях Раэд Арафат.
З гэтай прычыны спачатку было прынятае рашэнне вывезці жыхароў і дамашніх жывёл з вёскі Плуару, затым меру распаўсюдзілі і на насельніцтва суседняй камуны Чаталкёй. У выніку, як указвае радыёстанцыя «Брашоў FM», з першага населенага пункта эвакуявалі 18 чалавек, з другога вывезуць 300. Дадому яны змогуць вярнуцца пасля таго, як украінскі бок паведаміць пра адсутнасць рызыкі выбуху судна.
У ноч на 17 лістапада РФ таксама нанесла ўдары па Харкаўскай вобласці і Херсоне.
У горадзе Балаклея Харкаўскай вобласці пад удар трапіла жылая забудова ў цэнтры — па ёй былі нанесены два ракетныя ўдары, паведаміў начальнік гарадской вайсковай адміністрацыі Віталій Карабанаў. Паводле апублікаваных ім папярэдніх звестак, загінулі тры чалавекі, яшчэ 10 атрымалі раненні. Сярод параненых — дзеці 2011, 2007 і 2010 года нараджэння.
А ў Херсонскай вобласці ў выніку атак загінуў адзін чалавек, а яшчэ 11 былі параненыя, распавёў кіраўнік Херсонскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Паводле яго слоў, расійскія вайскоўцы білі па крытычнай, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры, разбураныя шматпавярхоўка і два прыватныя дамы.