РФ прымусова мабілізавала ў сваю армію больш за 46 тысяч украінцаў
7- 18.11.2025, 18:25
- 5,760
Больш за ўсё грамадзянаў Украіны апынуліся ў варожым войску з Крыму.
Расія прымусова мабілізавала 46327 украінцаў, якія пражывалі на часова акупаваных тэрыторыях (ЧАТ). Найбольш грамадзянаў апынуліся ў варожым войску з Крыму.
Пра гэта заявіў сакратар Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Дзмітрый Усаў на Трэцяй міжнароднай канферэнцыі Crimea Global, якога цытуе «Укрынформ».
«Мы ўсталявалі, што з акупаваных тэрыторый, з анексаванага Крыму прымусова мабілізаваныя 46327 нашых грамадзян. Гэтыя людзі ваююць супраць нас», — падкрэсліў ён.
Паводле звестак Усава, у Данецкай вобласці было прымусова мабілізавана 5368 украінцаў, у Луганскай — 4650, у Запарожскай — 560, у Херсонскай — 478. У Крыме мабілізавалі 35272 украінцаў, 5368 — у Севастопалі.
Сакратар Каардштаба адзначыў, што такія дадзеныя зафіксаваныя за ўвесь час поўнамаштабнай вайны, да ліпеня бягучага года. Іх агучыла ваенная разведка Украіны, пасля чаго пацвердзіла краіна-агрэсар.
Усаў распавёў, што цяпер 16% палонных у лагерах для ваеннапалонных Украіны — менавіта ўкраінцы, з якіх 6% пражывалі на тэрыторыі акупаванага Крыму.
Ён таксама заявіў, што ў Вярхоўную Раду хочуць унесці заканадаўчыя змены, якія дазволяць не вяртаць падчас абменаў у краіну-агрэсара ўкраінцаў з ЧАТ.
«Трэба прымаць правільнае рашэнне, калі ідзе запыт ад расійскага боку на іх абмен, таму што адбываецца абмен украінцаў на ўкраінцаў. Мы павінны рабіць усё, каб яны не вярталіся ў РФ, а заставаліся ва Украіне», — падкрэсліў Усаў.
Паводле яго слоў, суды Украіны ўжо вынеслі апраўдальныя прысуды ў дачыненні да некаторых украінцаў, якія знаходзяцца ў палоне на тэрыторыі краіны.