7 снежня 2025, Нядзеля, 7:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чаму са сваіх глыбінак вы ўсе масава лезяце ў Мінск?»

38
«Чаму са сваіх глыбінак вы ўсе масава лезяце ў Мінск?»

Пытанне беларускі выклікала буру эмоцый.

Чаму жыхары рэгіёнаў Беларусі «масава лезуць» са «сваіх глыбінак» менавіта ў Мінск, пацікавілася ў сацсетцы Threads блогерка з нікам paveliv2_. Пост сабраў больш за 180 тысяч праглядаў і звыш паўтары тысячы каментарыяў.

Аўтарка адрасавала сваю публікацыю «шаноўным прыезджым». Іх яна папрасіла «даць зразумелы адказ, чаму са сваіх глыбінак вы ўсе масава лезяце менавіта ў Мінск?».

«Вы разумееце, што ён не гумовы, і як выглядае сітуацыя, калі 80% насельніцтва краіны канцэнтруецца ў адным горадзе? Не трэба казаць пра маленькія заробкі — у Мінску атрымаеце на 100 долараў больш, але 500 долараў аддасцё за арэнду. Што вамі рухае? Калгасны менталітэт пад назвай «любымі шляхамі, але толькі ў Мінск»? Гэта дае вам нейкі статус? Віцебск, Брэст настолькі дрэнныя гарады для жыцця?»

Пост выклікаў бурнае абмеркаванне. У каментарыях змяшаліся гнеў, крыўда, абурэнне, а яшчэ насмешкі, здзекі, іронія і сарказм. Шмат хто дзяліўся сваімі гісторыямі пераезду.

«Мы там купляем сабе трохпакаёвыя кватэры ў цэнтры і жывём сваё найлепшае жыццё) а яшчэ потым купляем другую кватэру і здаём яе карэнным жыхарам сталіцы па 500 долараў», — напісала liza.redbet.

«Я прыезджы, я прыехаў сюды па добрую працу і багацце культурнага жыцця. Усё гэта я атрымліваю і кайфую. І вось гэтыя танныя понты на сябе не прымяраю. Знайдзіце нешта іншае, чым можна ганарыцца, акрамя прапіскі», — адзначыў dmitry_leshok.

«Шаноўныя мінчукі, растлумачце, калі ласка, якога лешага вы ўсё лета сядзіце на перыферыі! Што вы тут забылі?! Ціскаецеся і ціскаецеся, няма ратунку, ні ў возеры пакупацца, ні голай па двары паходзіць», — 662.ekaterina.

«Максімум для мяне як праграміста ў родным Пінску быў 0 долараў, проста такой працы там няма, у Брэсце, дзе вучыўся, — 1000−1200 долараў, але гэта калі пашанцуе трапіць у EPAM, які там цар і бог, а так будзеш зарабляць максімум 700−900 долараў. У Мінску адразу па прыездзе 600 долараў, далей толькі ўверх, цяпер 3400 долараў плюс-мінус і ёсць куды расці. Даруй, але гэта не 100 долараў розніцы, гэта грошы, дзеля якіх варта пераязджаць: гэта свежая машына, гэта ўласная кватэра, якую «карэнныя» ўсе чакаюць ад паміраючай бабкі ў спадчыну», — zaqqq13.

«Хто вам даў права абясцэньваць людзей? Я, як мінчанка, нічога супраць не маю — гэта права людзей рухацца, развівацца і паляпшаць сваё жыццё», — travel_anasteisha.

«Жыву ў Мінску 26 гадоў. Пераехала з Гомеля. І калгасніцай мяне ніхто ні разу не называў», — iryna_yablonskaya.

«Выдатныя гарады і Віцебск, і Брэст. Тым больш усе калгаснікі адтуль ужо перабраліся ў Мінск, цяпер там свабода і прастор. Дык што збірай рэчы і едзь туды. Там табе будзе лёгка дыхацца. А то ў Мінску ж даводзіцца канкурыраваць з 80% насельніцтва краіны, а ты, відавочна, не выцягваеш», — moya_mne.

«А што вы так крыўдзіцеся? Вам працы ў Мінску не засталося ці жылля з-за тых, хто панаехаў? Асабіста я ў Мінск паехала таму, што ў сваім горадзе цягам некалькіх месяцаў не магла знайсці працу, горад у нас нямалы, але займае адно з першых месцаў па беспрацоўі. Мне на шыі ў бацькоў трэба было сядзець? Дарэчы, я зарабляла 600−700 долараў і 120 з камуналкай аддавала за пакой. І людзі не застаюцца ў Мінску жыць назаўжды: я ведаю дастаткова людзей, і я ў тым ліку, якія з’ехалі з Мінска», — mariya_kisel_.

«Зайшла праверыць, ці надавалі аўтарцы, усё ў парадку, надавалі!» — miloserdova___masha.

«Таму што я ў сваім калгасе ўсім парсятам ужо хвасты пакручваў, прыехаў сюды, тут калгас паболей, папрасторней, тролейбусы вунь па рэйках ездзяць і цягнікі падземныя, дзіву даюся!» — george_smkv.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках