ААН вынесла вердыкт па звароце Паліны Шарэнда-Панасюк
5- 19.11.2025, 17:27
- 13,438
Фота: Віялета Саўчыц
Рэжым Лукашэнкі выяўлены ў злачынствах супраць чалавечнасці.
Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях (WGAD) прызнала факт адвольнага пазбаўлення волі актывісткі кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліны Шарэнда-Панасюк і звярнула ўвагу на сістэматычную практыку адвольных затрыманняў у Беларусі, паведамляе праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill.
WGAD разгледзела справу Шарэнда-Панасюк і на сваім апошнім пасяджэнні 25–29 жніўня 2025 года вынесла рашэнне, у якім адзначыла, што яе пазбавілі волі за рэалізацыю свайго права на свабоду выказвання меркавання.
Працоўная група таксама пагадзілася з меркаваннем Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, які рэкамендаваў Мінску адмяніць артыкулы 368 (абраза прэзідэнта) і 369 (абраза службовай асобы) Крымінальнага кодэкса.
Акрамя таго, падчас крымінальных працэсаў над Шарэнда-Панасюк былі груба парушаныя яе правы на справядлівы судовы разгляд, гаворыцца ў рэлізе. У прыватнасці, да парушэнняў адносяцца неабгрунтаванае закрыццё судовых пасяджэнняў па асобных крымінальных справах, змяшчэнне жанчыны ў клетку падчас працэсу, а таксама агульная залежнасць суддзяў ад выканаўчай улады і адсутнасць бесстароннасці.
Таксама Працоўная група пагадзілася з высновамі Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі пра адсутнасць у краіне незалежнай судовай сістэмы і адзначыла, што беларускія суддзі вядуць абвінаваўчае судовае вядзенне, парушаючы прэзумпцыю невінаватасці і права абвінавачанага на доступ да адваката.
Група асобна ахарактарызавала і асудзіла практыку прымянення арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), якая ў Беларусі выкарыстоўваецца для бестэрміновага падаўжэння тэрміну пазбаўлення волі.
Падкрэслена, што сістэматычнае дадаванне новых абвінавачанняў з мэтай перашкодзіць вызваленню былой палітзняволенай Шарэнды-Панасюк уяўляе сабой практыку, падобную да «карусельнага» ўтрымання пад вартай, і цалкам не адпавядае міжнародным стандартам.
Эксперты прыйшлі да высновы, што дадзены выпадак, разам з іншымі выпадкамі адвольнага затрымання ў Беларусі, можа сведчыць пра шырока распаўсюджаную або сістэматычную практыку адвольных затрыманняў у Беларусі.
Дзяржавы абавязаны прадухіляць дзеянні, якія могуць уяўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасці, і караць за такія дзеянні ў выпадку іх здзяйснення, падкрэсліваецца ў заяве.
Працоўная група настойліва заклікала Беларусь «неадкладна выправіць сітуацыю» Шарэнды-Панасюк, забяспечыць поўную кампенсацыю шкоды, расследаваць абставіны адвольнага пазбаўлення волі і прыняць адпаведныя меры ў дачыненні да асоб, адказных за парушэнне яе правоў.