Беларусь атрымала ад Літвы пацвярджэнне адкрыцця мяжы з 20 лістапада
4- 19.11.2025, 20:37
- 2,058
Цяпер афіцыйна.
Атрымана афіцыйнае паведамленне літоўскага боку пра адкрыццё двух пунктаў пропуску на мяжы з 20 лістапада, паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт. Беларускія памежнікі ўжо гатовыя да гэтай падзеі.
«У чацвер, 20 лістапада, з 1.00 па мінскім часе ўлады Літвы плануюць адкрыць пункты пропуску «Каменны Лог — Мядзінінкай» і «Беняконі — Шальчынінкай». Афіцыйнае паведамленне ад Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы ўвечары 19 лістапада паступіла ў Дзяржаўны памежны камітэт па лініі памежнапрадстаўніцкай дзейнасці», — паведамілі ў ДПК.
Беларускія памежнікі гатовыя да аднаўлення працы на беларуска-літоўскім участку мяжы.
Нагадаем, некалькімі гадзінамі раней на міжведамаснай нарадзе ў Дзяржсакратарыяце беларускага Савета бяспекі абмяркоўвалі «актуальную сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы ў сувязі з чаканым адкрыццём Літвой пунктаў пропуску». Заяўлялася, што Вільнюс афіцыйна не паведаміў Мінску пра адкрыццё мяжы.
Кабінет міністраў Літвы на пасяджэнні 19 лістапада прыняў рашэнне адкрыць раней за запланаваны тэрмін два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю.