Чыноўнікі хочуць увесці змены ў парадак зняцця наяўных у банкаматах і пераказаў грошай
10- 3.11.2025, 10:36
- 6,868
Галоўчанка анансаваў новаўвядзенні.
Нацбанк плануе рэгуляваць цэны на банкаўскія паслугі — каб яны былі «эканамічна абгрунтаванымі» і «не было перакосаў». Пра гэта паведамляе прэс-служба рэгулятара.
Банкам патрэбныя даходы для працы і развіцця, у тым ліку каб плаціць супрацоўнікам. Адна з крыніц такіх паступленняў — камісійныя зборы за банкаўскія аперацыі, патлумачыў старшыня Нацбанка Раман Галоўчанка.
— Тут мусіць быць пэўны парадак. Пры ўстанаўленні ўзнагароджанняў за банкаўскія аперацыі не павінна быць нейкага адвольнага падыходу. Усё роўна павінна быць пэўнае рэгуляванне, каб людзі разумелі правілы, паводле якіх устанаўліваюцца гэтыя ўзнагароджанні, — заявіў Раман Галоўчанка.
У Нацбанку звярнулі ўвагу, што за адны і тыя ж аперацыі адны банкі спаганяюць узнагароджанне, іншыя — не, а таксама часам кошт паслуг фінансавых структур адрозніваецца.
— Таму мы бачым неабходнасць увядзення такога своеасаблівага кодэкса добрасумленнай практыкі. І ў той жа час будзем рабіць гэта не адміністрацыйным парадкам, а шляхам пераканання, прыцягваючы Асацыяцыю беларускіх банкаў для таго, каб больш-менш не было перакосаў.
Акрамя гэтага кіраўнік Нацбанка выказаў прапанову «ў бліжэйшы час» усталяваць спіс бясплатных аперацый. Напрыклад, пры пераказе грошай ад аднаго чалавека іншаму ў адным і тым самым банку.
— Другі блок пытанняў — гэта непасрэдна сам памер узнагароджання, які таксама людзей хвалюе і непакоіць. У прыватнасці, напрыклад, камісійнае ўзнагароджанне за зняцце наяўных у банкаматах іншых банкаў <�…>. Тарыфы таксама адрозніваюцца ад банка да банка. Мы лічым, што іх трэба зрабіць больш адзінымі і эканамічна абгрунтаванымі. Таму таксама ў бліжэйшы час мы такія арыенціры для банкаўскай сістэмы дадзім, каб тут, на гэтым рынку, не было перакосаў.